• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскіх незалежных журналістаў не пускаюць на суды па “палітычных справах”

      У судзе Першамайскага раёна Віцебска 25 лістапада разбіралі справу пенсіянеркі Тамары Ільіной: яе судзілі за ўдзел у несанцыянаваным мерапрыемстве – акцыі ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку. Суддзя Вераніка Барысава заявіла, што не пачне пасяджэнне, пакуль у судовай зале не застануцца ўсяго чатыры чалавекі. Пры гэтым яна спаслалася на адпаведнае распараджэнні старшыні суда ў сувязі з пандэміяй Covid-19 і пагражала выклікаць міліцыю. Большая частка слухачоў, у тым ліку некалькі журналістаў, былі вымушаныя пакінуць залу суда. 

    Журналістка Алена Сцяпанава патэлефанавала на “гарачую лінію” і на “тэлефон даверу”, каб спраўдзіць, ці насамрэч існуе такое рашэнне і якая колькасць людзей можа прысутнічаць у зале. Прадстаўніца судовай канцылярыі па адміністрацыйных справах адказала, што ніякай рэгламентацыі, што да колькасці слухачоў, няма. Але ёсць пажаданне, каб на адной лаве сядзелі не больш як па два чалавекі. У такім выпадку, у залу можна дапусціць мінімум дзесяць слухачоў, заўважыла журналістка. У адказ ёй параілі наступным разам загадзя звярнуцца ў канцылярыю, каб працэс праводзілі ў зале найбольшага памеру.

    Іншую стратэгію, каб не дапусціць прэсу на судовы працэс, выкарысталі 27 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна. Там разбіралі справу віцебскага рамесніка Андрэя Цімафеенкі, якога вінавацяць у гвалце  ў дачыненні да службовай асобы. Працэс быў адкрыты, але ў залу пусцілі толькі сваякоў падсуднага, і ахоўнікі зачынілі дзверы. А праз колькі хвілін у залу зайшла суддзя Сняжана Кіндзеева і некалькі чалавек у цывільным — меркавана, міліцыянтаў, якія занялі вольныя месцы. 

    Праваабаронца Ірына Траццякова напісала скаргу на абмежаванне колькасці слухачоў, бо лічыць гэтую сітуацыю парушэннем права на атрыманне інфармацыі падчас адкрытага судовага працэсу. Тым больш, што ніякага дакумента, які рэгламентуе колькасць прысутных у судовай зале падчас пандэміі, на якую спасылалася суддзя, не існуе. 

    Што да прысутнасці міліцыянтаў, якіх дасылаюць “займаць месцы”, то такая практыка ўжо назіралася некалькі гадоў таму, калі судзілі віцебскага актывіста Сяргея Каваленку, які вывесіў сцяг на навагоднюю ёлку ў Віцебску.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці