Рэдкі выпадак: суд скасаваў справу паводле 22.9 КаАП у дачыненні журналіста Вячаслава Лазарава
Суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Мікалай Атрахімовіч не знайшоў доказаў таго, што журналіст-фрылансер парушыў парадак вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, як сцвярджалася ў міліцэйскім пратаколе. Міліцыянты вінавацілі Вячаслава Лазарава ў тым, што ён размяшчаў у тэлеграм-канале “Белсата” фотаздымкі з акцыі мірнага пратэсту, якая прайшла ў Віцебску 4 кастрычніка.
Суд над журналістам распачаўся яшчэ 20 кастрычніка. Тады суддзя Ілля Белавус накіраваў справу Вячаслава Лазарава на дапрацоўку. Але зменаў абвінавачаны не заўважыў:
— Практычна ўсё як было, так і засталося: мяне па-ранейшаму спрабавалі звінаваціць у тым, што я размяшчаў у тэлеграм-канале “прадукцыю СМІ”. Я прапанаваў правесці эксперымент — паспрабаваць нешта размясціць у тэлеграм-канале “Белсата”, і загадзя папярэдзіў пра безвыніковасць гэтай задумы, бо матэрыялы там мае права размяшчаць толькі рэдактар.
Суддзя пагадзіўся, што Вячаслаў Лазараў не меў магчымасці распаўсюджаваць свае фотаздымкі. А доказаў таго, што ён іх “вырабляў”, як сказана ў заканадаўстве, у матэрыялах справы не было, падкрэсліў праваабаронца Павел Левінаў:
— Тое, што Вячаслава Лазарава знялі на відэа аператыўнікі, і сама ягоная прысутнасць на акцыі з фотаапаратам не можа быць доказамі вінаватасці. Гэта абсалютна слушна зразумеў суддзя, які скасаваў справу. Але мы павінны памятаць, што ў супрацоўнікаў міліцыі ёсць час, каб абскардзіць судовую пастанову.
Аднак хутчэй за ўсё, доказаў вінаватасці журналіста міліцыянты не маюць. Адзінае, што яны выправілі ў пратаколе, гэта апісанне месца, дзе Вячаслаў Лазараў нібыта здзейсніў правапарушэнне: “на тэрыторыі горада Віцебска”. Уматэрыялах адміністрацыйнай справы няма ніводнага фотаздымка аўтарства Вячаслава Лазарава.