• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Помста зы стрымы». Муж арыштаванай журналісткі «Белсата» расказаў пра яе справу

    Карэспандэнтцы тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай прад’явілі абвінавачаньне па крымінальным артыкуле. Яе вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістцы абраная мера стрыманьня — два месяцы арышту.

    Кацярыну Андрэеву і апэратара Дарʼю Чульцову затрымалі 15 лістапада ў кватэры на «плошчы Пераменаў». З гэтай кватэры яны вялі стрым пра супрацьстаяньне сілавікоў і абаронцаў народнага мэмарыялу Рамана Бандарэнкі. Затрыманьне праводзіў спэцназ, які выламаў дзьверы.

    Андрэеву і Чульцову асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Акрамя таго, Андрэеву абвясьцілі падазраванай па крымінальнай справе. У пятніцу журналістцы афіцыйна прадʼявілі абвінавачаньне. Мінімальна ёй пагражае штраф, максымальна — пазбаўленьне волі на тры гады.

    Аб тым, што здарылася, журналіст тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі пагаварыў з журналістам «Белсату», мужам арыштаванай Кацярыны Андрэевай Ігарам Ільяшом.

    — Што цяпер з Кацярынай, што вядома?

    — Вядома, што яе, хутчэй за ўсё, ужо перавялі ў жодзінскае СІЗА. Вядома, што ёй прадʼяўлена абвінавачаньне і што яна бліжэйшыя два месяцы павінна знаходзіцца пад вартай. Вядома таксама, што яна катэгарычна не прызнае сваю віну і адмаўляецца даваць паказаньні. Я ведаю, што яна трымаецца вельмі добра. Для яе наўрад ці гэта стала нечаканасьцю або шокам. Яна выдатна разумела, як рызыкуе, выходзячы кожны дзень на працу, асьвятляючы акцыі пратэсту, робячы стрым з акцый пратэсту. Яна выдатна разумела, у якой краіне жыве, і разумее, што ў гэтай краіне зараз адбываецца дзяржаўны тэрор нябачаных маштабаў, што ідуць масавыя рэпрэсіі. Мы шмат разоў абмяркоўвалі зь ёй гэтую пагрозу і разумелі, што рана ці позна могуць прыйсьці па нас. Яна журналіст, які працуе пераважна ў полі, у адрозьненьне ад мяне, і я выдатна разумею, што пагрозы для яе нашмат вышэйшыя, чым для мяне. Мы гэта разумелі і псыхалягічна да гэтага ўдару рыхтаваліся, таму цяпер яна трымаецца вельмі добра, і яе гэтыя выпрабаваньні, я ўпэўнены, ня зломяць.

    — Хто, акрамя «Белсата», з буйных інстытуцый яшчэ вядзе стрым на вуліцах Беларусі? Хтосьці застаўся?

    — Па вялікім рахунку, няма. Нават «Белсат» апошнім часам вёў, хутчэй, ня стрым у клясычным яго разуменьні — жывы эфір, — а стрым у запісе, калі запісваецца частка відэа, потым яна ўжо стацыянарам перасылаецца крыху пазьней, з адцяжкай на гадзіну часу, а то і больш. Як мы ведаем, на ўсіх вялікіх акцыях пратэсту ў Менску глушаць інтэрнэт, глушаць татальна, таму весьці жывы эфір апошнія тры месяцы фактычна нерэальна. Можна толькі рабіць такія стрымы ў запісе. Гэтыя стрымы ў запісе «Белсат» вёў увесь гэты час, але ў апошнюю нядзелю, пасьля якой і затрымалі Кацярыну, якраз гэта быў той выключны выпадак, калі ішоў клясычны стрым — непасрэдна жывы эфір. Упершыню за ўвесь час гэтай палітычнай кампаніі, за ўвесь час пратэстаў удалося паказаць у жывым эфіры цалкам супрацьстаяньне пратэстоўцаў і сілавікоў ад пачатку да канца, тым больш у такім ключавым месцы — на «плошчы Пераменаў» — вось гэтае супрацьстаяньне, безумоўна, ужо гістарычнае па абароне народнага мэмарыялу Рамана Бандарэнкі.

    Рэакцыя ўладаў шмат у чым была прадказальная — тое, што будуць выстаўляць абвінавачаньні па крымінальным артыкуле, таму што для ўладаў, якія столькі зрабілі для таго, каб не было жывых эфіраў, для таго, каб у прынцыпе журналісты не маглі працаваць і паказваць, расказваць пра тыя злачынствы, якія ўчыняюць сілавікі на вуліцах Беларусі, вядома, такі жывы стрым з такой гістарычнай падзеі, як зачыстка «плошчы Пераменаў», гэта быў, вядома, выклік для ўладаў, і яны вырашылі адпомсьціць. І зараз яны помсьцяць.

    — Вядома, у Крымінальным кодэксе Беларусі няма артыкула, у якім было б напісана «з палітычных матываў». Кожны артыкул мае нейкае іншае абгрунтаваньне, і гэта артыкулы крымінальныя. Кацярына, на ваш асабісты погляд, гэта чалавек, якога перасьледуюць з палітычных матываў, ці гэта крымінальны артыкул, зьвязаны зь нейкім парушэньнем заканадаўства?

    — Безумоўна, Кацярына — палітзьняволеная. Я думаю, што афіцыйнае прызнаньне яе палітвязьнем з боку праваабаронцаў будзе на працягу аднаго-двух дзён, таму што справа занадта відавочная, абвінавачаньне занадта абсурднае. А што тычыцца артыкула 342, які ёй ставяць у віну, я скажу, што ў гэтым годзе фактычна 342 артыкул у нас стаў такім сучасным аналягам 58 артыкула, па якім праходзілі сталінскія рэпрэсіі, гэта палітычны артыкул. Гэта наш аналяг сёньня — 342 артыкул, — таму што большасьць палітычных спраў сёньня ўзбуджаюцца па гэтым артыкуле. Ён настолькі размыты, што фактычна ўсё можна кваліфікаваць як грубае парушэньне грамадзкага парадку. Абсалютна ўсё: калі ты проста ступіў на праезную частку нагой, то гэта фактычна можна кваліфікаваць як грубае парушэньне грамадзкага парадку. Несанкцыянаваная акцыя пратэсту — грубае парушэньне грамадзкага парадку. Безумоўна, гэты артыкул ад пачатку да канца так, як у правапрымяняльнай практыцы ён выкарыстоўваецца ў Беларусі, ён спрэс палітычны. Ён настолькі ж адыёзны, як 58 артыкул пры Сталіну.

    — Чаму менавіта жывыя эфіры так раздражняюць беларускія ўлады і сілавікоў? Яны баяцца, што людзі, убачыўшы, прыйдуць? Ці ёсьць іншыя прычыны?

    — Яны баяцца і таго, што гэта будзе мабілізаваць людзей, а другое — калі ёсьць нейкая нарэзка, кароткае відэа, калі сілавікі зьбіваюць пратэстоўцаў, заўсёды ж можна сказаць: «Ой, вы ведаеце, вы ня бачылі ўсёй карціны — яны да гэтага самі нападалі на сілавікоў, і гэта толькі зваротная рэакцыя». Гэта значыць, можна сказаць, што ўсе скажонае. А калі жывы эфір, стрым, то мы бачым усю сытуацыю ад пачатку да канца. І схаваць гэтыя злачынствы сілавікоў немагчыма.

    — Ваша жонка цяпер у СІЗА. Вядома, што ёй патрэбна пэўная дапамога — ня толькі юрыдычная, але і, напэўна, трэба перадачы перадаваць, — але і вам, мяркуючы па тым, што прыходзілі зь ператрусам у тую кватэру, дзе вы прапісаны, таксама, мабыць, пагражае небясьпека. Вы зьбіраецеся зьяжджаць у сувязі з гэтым зь Беларусі?

    — Не, я, відавочна, не зьбіраюся зьяжджаць зь Беларусі, пакуль мая жонка за кратамі. Гэтае пытаньне нават не разглядаецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці