• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Максіма Лаўрэцкага арыштавалі на 15 сутак. Міліцыянт сьведчыў зь «мяшком» на галаве

    Ленінскі суд Менску прысудзіў карэспандэнту БелаПАН Максіму Лаўрэцкаму 15 сутак арышту за нібыта ўдзел у акцыі пратэсту пэнсіянэраў 16 лістапада, якую ён асьвятляў.

    Працэс вяла судзьдзя Тацяна Шоцік. Згодна з пратаколам міліцыі, падпісаным Зінкевічам, каля 15.00 па адрасе Незалежнасьці, 36 Лаўрэцкі «актыўна ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказваньня пратэсту па факце правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў», а таксама «рухаўся разам з групай грамадзян і выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь».

    Лаўрэцкі, які знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна і ўдзельнічаў у судзе праз скайп, расказаў, што выйшаў з мэтро і чакаў на прыпынку транспарту, пакуль па праспэкце спусьціцца калёна мітынгоўцаў. Праз паўхвіліны пад’ехаў бусік. Пяць чалавек у чорнай форме АМАПа ўзялі яго пад рукі і зацягнулі ў бус. Не прадстаўляліся, не паказвалі дакумэнтаў. Мэты затрыманьня не паведамлялі. Журналіст заявіў, што ня ўдзельнічаў у мітынгу і нават не пасьпеў убачыць яго ўдзельнікаў. Лёзунгаў не выкрыкваў. Знаходзіўся там па рэдакцыйным заданьні, каб зрабіць фота.

    Адзін з амапаўцаў у мікрааўтобусе намякнуў, што бачыў яго на ранейшых акцыях. Абаронца Лаўрэцкага Андрэй Мачалаў паведаміў, што ў пратаколе міліцыі не пазначаныя мэты затрыманьня. Ён заявіў судзьдзі хадайніцтвы, што яго не дапусьцілі да падабароннага ў РУУС, не далі часу азнаёміцца са справай. Абаронца таксама выказаў скаргу, што падчас яго канфідэнцыйнай размовы з Лаўрэцкім у залі неправамерна прысутнічала прадстаўніца суду Натальля Новікава. Таксама абаронца паскардзіўся, што яго выдалілі з залі падчас устанаўленьня асобы сьведкі, і запатрабаваў адводу судзьдзі, бо яна «не зацікаўленая ў вынясеньні бесстароннага прысуду».

    Максім Лаўрэцкі

    Шоцік адхіліла ўсе хадайніцтвы. Сьведка Варанцоў, супрацоўнік міліцыі, не прысутнічаў у залі, а быў перад камэрай «зь мяшком на галаве», як адвакат апісаў шчыльную балаклаву без выразных разрэзаў для вачэй. Ён сказаў, што назіраў за затрыманьнем з боку.

    Сьведка паўтарыў запісанае ў пратаколе, што Лаўрэцкі знаходзіўся ў групе грамадзян, выкрыкваў «правакацыйныя» лёзунгі.

    Адвакат Мачалаў заўважыў, што сьведку пры адказе на яго пытаньні падказвала неўстаноўленая асоба за кадрам. Судзьдзя адхіліла патрабаваньне раскрыць месцазнаходжаньне сьведкі-міліцыянта. Яна таксама адмовіла ў хадайніцтве далучыць да справы відэаматэрыялы з тэлефона Лаўрэцкага і з камэр відэаназіраньня ў раёне затрыманьня.

    Адвакат зьвярнуў увагу на факталягічныя несупадзеньні ў паказаньнях сьведкі адносна месца затрыманьня Лаўрэцкага і характару пратэставай акцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці