Большасць затрыманых гродзенскіх журналістаў — на волі
Большую частку гродзенскіх журналістаў, затрыманых 15 лістапада, вызвалілі з-пад варты. Журналісты былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас вулічнай акцыі, прысвечанай ушанаванню памяці забітага мінчука Рамана Бандарэнкі.
Некаторыя да суда былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання на вул. Гая, іншых перавезлі ў следчы ізалятар турмы № 1, што на вул. Кірава.
Відэааператара-фрылансера Андрэя Ломава, які супрацоўнічае з анлайн-выданнем Hrodna.Life, 16 лістапада 2020 г. суд пакараў адміністрацыйным штрафам на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34 КаАП. Да суда журналіста ўтрымлівалі пад вартай у турэмным СІЗА. З судовым рашэннем Ломаў не згодны і намераны яго абскарджаваць.
Увечары 16 лістапада вызвалілі таксама фатографа Яўгена Бузука, яго адміністрацыйную справу суд вярнуў на дапрацоўку. Вядома, што з‑пад варты выпусцілі і радыёвядоўцу Сяргея Гадзяева.
Пакуль застаецца невядомым лёс галоўнага рэдактара партала autogrodno.by Міхаіла Кунцэвіча.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 15 лістапада 2020 г. у Гродне былі затрыманыя больш за 70 чалавек.