• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Алеся Сабалеўскага аштрафалі за «ўдзел» у акцыі пратэсту

    Суд Ленінскага раёна Магілёва 12 лістапада пакараў журналіста Алеся Сабалеўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў) паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Таццяна Касцюк прызнала Сабалеўскага ўдзельнікам несанкцыянаванага мітынгу, хоць насамрэч ён выконваў там свае журналісцкія абавязкі — здымаў вулічную пратэстную акцыю для інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”.

    Першае пасяджэнне па справе Сабалеўскага адбылося яшчэ 16 верасня, калі журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання як затрыманы на 72 гадзіны да суда. Яму інкрымінавалі знаходжанне з 14 да 15 гадзін 13 верасня каля магілёўскага гандлёвага цэнтру “Атрыум”, дзе ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. (Журналіст быў затрыманы ў той жа дзень, толькі значна пазней і зусім у іншым раёне горада — на Пушкінскім праспекце.)

    Тады ў судзе справа журналіста цалкам “развалілася” і суддзя Касцюк накіравала дакументы ў Кастрычніцкі РАУС на дапрацоўку.

    Судовы працэс па справе Сабалеўскага аднавіўся 10 лістапада. У якасці сведкі быў дапрошаны ўчастковы інспектар Кастрычніцкага РАУС Фёдар Гарэлікаў, які складаў адміністрацыйны пратакол на Сабалеўскага. Паводле яго расповеду, Сабалеўскі знаходзіўся ў групе людзей, трымаў тэлефон на сэлфі-палцы і мікрафон. Прычым журналіст, па словах міліцыянта, паспавяў яшчэ і актыўна ўдзельнічаць ў несанкцыянаваным мітынгу: выкрыкваў лозунгі і паказваў знакі рукамі.

    Між тым, прадстаўленае міліцыяй у якасці доказу відэа не адпавядала апісанню правапарушэння у пратаколе, а паказанні сведкі-міліцыянта таксама разыходзіліся з тым, што можна было пабачыць на відэазапісе.

    “Гэта паклёп на мяне. Абсалютная неадпаведнасць паказанняў і відэа. Пратакол проста прыдуманы”, — заявіў суду Сабалеўскі.

    Суддзя Таццяна Касцюк у выніку абвесціла перапынак да заўтра.

    12 лістапада разгляд справы скончыўся вельмі хутка. Сабалеўскі толькі паспеў агучыць сваю нязгоду з міліцэйскім пратаколам і выказаць патрабаванне прыцягнуць маёра Гарэлікава да адказнасці за хлуслівыя паказанні, як суддзя Касцюк абвесціла перапынак для прыняцця рашэння.

    Праз некалькі хвілін суддзя агучыла сваё рашэнне: пакараць Алеся Сабалеўскага штрафам у 30 базавых велічынь за парушэнне ч. 3 арт. 23.34. КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці