• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя спрабавала “прышыць” журналісту абразу ў Viber, але суд прызнаў яго невінаватым

    На карэспандэнта сайта “Першы рэгіён” Сяргея Гардзіевіча напісаў заяву ў міліцыю адзін з жыхароў Драгічына, які палічыў, што журналіст абразіў і ашальмаваў яго ў каментары ў мясцовым чаце ў Viber.

    Супрацоўнікі Драгічынскага РАУС склалі на Сяргея Гардзіевіча адміністрацыйны пратакол і накіравалі справу ў раённы суд. Там выслухалі меркаванні і аргументы бакоў, і ў выніку было прынята рашэнне спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні да карэспандэнта і прызнаць невінаватым з‑за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу правапарушэння.

    Аднак нечакана начальнік Драгічынскага РАУС Юрый Котыш вырашыў накіраваць у Брэсцкі абласны суд скаргу на пастанову суда першай інстанцыі. Абласны суд пакінуў першапачатковае рашэнне суда Драгічынскага раёна без зменаў і адзначыў, што ніякай абразы ў каментары карэспандэнта няма, таму і прыцягваць яго да адміністрацыйнай адказнасці не выпадае.

    “Прыведзены ў скарзе довад пра наяўнасць ў Сяргея Гардзіевіча мэты зняважыць і абразіць з’яўляецца здагадкай, паколькі канкрэтнымі доказамі не пацверджаны”, — палічыў суддзя Брэсцкага абласнога суда Уладзімір Саўчук.

    Як лічаць у рэдакцыі “Першага рэгіёна”, самае цікавае пытанне ў гэтай справе: чаму скаргу ў абласны суд на карэспандэнта накіроўваў не пацярпелы грамадзянін, а начальнік Драгічынскага РАУС? У рэдакцыі мяркуюць, што гэта можа сведчыць пра нейкую зацікаўленасць кіраўніцтва драгічынскай міліцыі ў пакаранні мясцовага незалежнага журналіста.

    “Не хацелася б верыць, што ў начальніка РАУС ёсць якая-небудзь крыўда на Сяргея Гардзіевіча. Натуральна, што праца журналіста прадугледжвае публікацыю скаргаў і крытычных артыкулаў, з якімі звяртаюцца людзі. Але гэта не нагода распачынаць незразумелыя судовыя працэсы”, — адзначае рэдактар “Першага рэгіёна” Павел Дайлід.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці