• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Зміцер Казакевіч зноўку затрыманы да суда

    Журналіст-фрылансер, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, затрыманы 25 кастрычніка каля 16.40 — ужо напрыканцы акцыі мірнага пратэсту ў Віцебску.

    Відавочцы распавялі, што Зміцер Казакевіч ішоў у невялікай кампаніі знаёмых, на той момант ён ужо зняў камізэльку з надпісам “Прэса”, бо традыцыйнае нядзельнае шэсце ўжо практычна завяршылася. Раптам нехта з мінакоў крыкнуў, што рыхтуецца затрыманне. Журналіст і ягоныя сябры кінуліся бегчы, але трое мужчын моцнага целаскладу дагналі Казакевіча і са словамі “У нас да вас ёсць пытанні” павялі ў машыну.

    Следам за ім на працягу паўгадзіны былі затрыманыя журналіст “Спутніка” Павел Вур і Алесь Пілецкі, які супрацоўнічае з Tut.by і “Народнай воляй”. Абодвух журналістаў адпусцілі праз тры гадзіны, а Зміцер Казакевіч застаўся за кратамі. Тое, што ён затрыманы да суда, пацвердзілі ягонай жонцы ў аддзеле міліцыі Першамайскага раёна. У  чым канкрэтна яго вінавацяць і калі будзе суд, у міліцыі не паведамілі.

    Паводле ўжо звыклай завядзёнкі, віцебскія міліцыянты знарок не спяшаюцца рыхтаваць справы да суда: мінулым разам Змітра Казакевіча трымалі за кратамі 72 гадзіны — роўна столькі, колькі дазваляе ўтрымліваць чалавека беларускае заканадаўства.

    Так, 11 кастрычніка журналіст быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА, 14 кастрычніка яго судзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, хаця Зміцер Казакевіч даводзіў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі і не ўдзельнічаў у грамадскіх пратэстах. Суддзя Міхаіл Юрчанка спыніў справу, не знайшоўшы ў дзеяннях Казакевіча складу правапарушэння, і атрымалася, што журналіст беспадстаўна правёў за кратамі трое сутак.

    Больш за тое: па вызваленні з СІЗА міліцыянты на службовай машыне адвезлі яго дахаты і там правялі ператрус. У выніку забралі аргтэхніку — два ноўтбукі, у тым ліку жончын, на якім яна працуе, а таксама некалькі флэшак і два старыя працэсары, ужо даўно непрыдатныя для выкарыстання. Лёс забранай тэхнікі дагэтуль невядомы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці