На Дзмітрыя Лупача завялі адміністрацыйную справу за сюжэт для Белсата
Журналіста-фрылансера Змітра Лупача выклікалі 23 кастрычніка ў Глыбоцкі РАУС для дачы тлумачэнняў. Там яму ўручылі позву з паведамленнем з’явіцца ў Пастаўскі РАУС 26 кастрычніка.
У Глыбоцкі РАУС Зміцер Лупач пайшоў не адзін, а са сваім прадстаўніком. Там яго апытваў участковы міліцыянт, старшы лейтэнант міліцыі В.В. Гірын.
У міліцыі Зміцер Лупач не стаў даваць тлумачэнні, спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі Беларусі, не сведчыў супраць сябе. Потым яму ўручылі позву з выклікам у Пастаўскі РАУС.
Як даведаўся журналіст, на яго заведзеная чарговая адміністрацыйная справа за сюжэт для тэлеканала “Белсат”. Як мяркуе Зміцер Лупач, хутчэй за ўсё гэта датычыцца матэрыяла на тэму выгнання ўладамі Беларусі з касцёла ў Варапаеве (гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне) ксяндза, які мае польскія карані.