Прэмію «За свабоду думкі» Еўрапарламента далі беларусам. БАЖ быў першым лаўрэатам з Беларусі ў 2004 годзе
Праваабарончую прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава прысудзілі беларускай апазіцыі, прадстаўленай Каардынацыйнай радай.
Узнагароду атрымала група дзеячоў апазіцыі, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, Сяргей Ціханоўскі, заснавальнік тэлеграм-канала Nexta Сцяпан Пуціла, Алесь Бяляцкі ад праваабарончай арганізацыі «Вясна» і палітвязень Мікалай Статкевіч.
Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў Страсбургу 16 снежня.
Прэмія «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава аснаваная ў Еўрапейскім парламенце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Фінансавы складнік прэміі — 50 тысяч еўра.
У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Мілінкевіч.