Падчас асвятлення штонядзельнай акцыі пратэстаў у Гродне былі затрыманыя пяць журналістаў
11 кастрычніка ў Гродне былі затрыманыя пяць супрацоўнікаў медыя: карэспандэнтка інфармацыйнага партала TUT.by і газеты «Народная Воля» Вольга Камягіна, журналісты інфармагентва БелаПАН Марына Харэвіч і Сяргей Людкевіч, журналістка інфармацыйнага рэсурсу Onliner.by Дар'я Спевак і журналістка газеты «Наша Слова» і выдання Hrodna.Life Алена Кавальчук.
Момант затрымання байцамі АМАП журналістаў Сяргея Людкевіча і Дар’і Спевак
Усе затрыманыя выконвалі свае прафэсійныя журналісцкія абавязкі — асвятлялі пратэстную акцыю, якая праходзіла ў цэнтры горада. Іх даставілі ў Ленінскі РАУС “для праверкі дакументаў”.
Алену Кавальчук пратрымалі ў пастарунку амаль пяць гадзін. На яе склалі пратаколы паводле двух артыкулаў КаАП: арт. 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Таксама “для правядзення праверкі ў межах адміністрацыйнага працэсу” міліцыянты забралі ў журналісткі смартфон і фотаапарат.
У дачыненні астатніх затрыманых журналістаў пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні не складаліся. Праз некаторы час пасля затрымання і праверкі журналісцкага статусу іх вызвалілі.