Цягам ночы ў Мінску вызвалілі 13 журналістаў, якія знаходзіліся ў Кастрычніцкім РУУСе
На журналістаў склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На гэтым тыдні мусяць адбыцца суды.
На ўсіх 13 журналістаў (Сяргей Сацюк, Таццяна Каравянкова, Алена Талкачова, Дзмітрый Дзмітрыеў, Наста Бойка, Аляксей Івашкевіч, Аляксандр Ружэчка, Аляксандр Уладыка, Аляксей Носаў, Павел Крычко, Ірэна Кацяловіч, Надзея Бужан, Ягор Марціновіч) склалі адміністрацыйныя пратаколы за нібыта непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП), іх будзе разглядаць суд у бліжэйшыя дні.
У многіх журналістаў забралі мабільныя тэлефоны і камеры.
Не выйшлі на свабоду: журналіст «Белсата», нядаўні пераможца конкурса «Вольнае слова» Зміцер Міцкевіч і палітычны актывіст Ілля Дабратвор, які прысутнічаў на акцыі ў якасці журналіста, асвятляў яе. Абодвух адправілі на Акрэсціна і будуць судзіць.
Таксама сёння ў Мінску будуць судзіць журналістак Яўгенію Доўгую (затрымалі ў пятніцу) і Алену Доўнар (адбыла 15 сутак арышту, але не выйшла на свабоду з‑за новага пратакола).
У рэгіёнах таксама пройдуць суды над журналістамі.