• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісткі Ганна Якштас, Ларыса Шчыракова, Яўгенія Доўгая — у ізалятары да суда. Кожная з іх мае малых дзяцей

    У Гомелі 9 кастрычніка чарговы раз затрымалі незалежную журналістку, сябра ГА «БАЖ» Ларысу Шчыракову. Пра затрыманне яна паведаміла на сваёй старонцы ў Face­book, дадаўшы фота міліцыянта ў масцы, які стаіць каля машыны журналісткі. Відавочна, супрацоўнік Гомельскага РАУС.

    Прэвентыўнае затрыманне напярэдадні выходных Шчыраковай, якая адна гадуе непаўнагадовага сына, стала ганебнай практыкай гомельскіх міліцыянтаў.

    Журналістка перыядычна вяла відэастрымы з нядзельных пратэстных маршаў гамяльчукоў супраць несумленных выбараў, і каб таго не адбылося, яе адпраўляюць за краты ў пятніцу, а ў панядзелак адміністрацыйныя пратаколы перадаюць у суд і караюць штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці альбо за супрацу з «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

    Афіцыйна міліцыя як бы не парушае заканадаўства — не арыштоўвае маці, на ўтрыманні якой непаўнагадовае дзіця. Але фактычна ўчыняе двайное пакаранне: арышт на двое сутак і штраф.

    І сёння ж зноў затрымалі галоўную рэдактарку сайта «Сильные новости» Ганну Якштас. На пачатку 20‑й гадзіны стала вядома, што яе пакідаюць у ІЧУ да панядзелка.

    На пытанне супрацоўнікаў інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурса наконт затрымання рэдактаркі афіцыйны прадстаўнік УУС аблвыканкама заявіў, што ён адкажа, калі яны назавуць рэгістрацыйны нумар сеткавага выдання.

    6 кастрычніка суд Савецкага раёна Гомеля пакараў галоўную рэдактарку інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганну Якштас адміністрацыйным штрафам на 540 рублёў. Суддзя Аліна Кошкіна прызнала журналістку вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Тады да суда Ганна правяла трое сутак у ізалятары, нягледзячы на тое, што выхоўвае двое непаўнагадовых дзяцей.

    Таксама сёння ў Мінску на вачах у 8‑гадовай дачкі затрымалі журналістку Яўгенію Доўгую. Яе даставілі ў Партызанскі РУУС, а потым адправілі ў ізалятар на Акрэсціна да суда ў панядзелак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці