Міліцыя затрымала віцебскіх журналістаў для “прафілактычнай гутаркі”
У Віцебску перад пачаткам нядзельнай акцыі мірнага пратэсту каля гандлёвага цэнтра “Мега” супрацоўнікі аддзела міліцыі Першамайскага раёна затрымалі Таццяну Матвееву, Алеся Пілецкага і Сяргея Серабро.
Ва ўсіх трох пры сабе былі дакументы, у тым ліку рэдакцыйныя пасведчанні і пашпарты, але міліцыянты загадалі журналістам ехаць з імі ў пастарунак “для высвятлення асобаў”, распавёў Сяргей Серабро:
— Спачатку нас пасадзілі ў залу. Перапісалі нашы дадзеныя і праверылі дакументы. Потым сталі выклікаць па адным на індывідуальную гутарку. Змест яе палягаў у тым, што мы рызыкуем трапіць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 як удзельнікі несанкцыянаванай акцыі, калі ў нас не будзе пасведчанняў, бэйджаў і камізэлек са словам “Прэса”. Пры гэтым міліцыянты пацвердзілі, што ведаюць мяне не проста ў твар, а нават імя і імя па бацьку. Таму пытанняў, ці я прадстаўнік СМІ, у іх паўставаць не мусіла б. Напрыканцы мне прапанавалі падпісаць пратакол прафілактычнай гутаркі і адпусцілі.
Услед за Сяргеем Серабро на волю выйшлі Таццяна Матвеева і Алесь Пілецкі. Яны прайшлі аналагічную працэдуру, кажа Таццяна Матвеева:
— Пэўны час мы знаходзіліся ў “Зале афіцэрскага сходу”. Аказваецца, у Першамайскім РАУС ёсць і такое памяшканне. На ўсю залу — трое нас і пяцёра ці шасцёра супрацоўнікаў міліцыі, якія забаранілі нам карыстацца тэлефонамі і сачылі за намі. Потым былі індывідуальныя гутаркі з маёрам Вадзімам Склімянком, намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Першамайскага РАУС. Я яму адразу заўважыла, што маю і бэйдж, і камізэльку і ўсе неабходныя дакументы. Але ў яго былі пытанні, што да майго супрацоўніцтва за парталам Tut.by: спадар Склімянок чагосьці вырашыў, што супрацоўнікаў пазбавілі акрэдытацыі, і што мы не маем права працаваць у якасці журналістаў. Давялося тлумачыць, што партал часова пазбавілі статуса СМІ, але гэта не значыць, што мы працуем нелегальна, калі робім матэрыялы для нашага сайта.
Паводле Таццяны Матвеевай, міліцыянты паводзілі сябе з журналістамі дастаткова карэктна. Але праз нечаканы візіт у міліцыю калегі прапусцілі большую частку акцыі пратэсту, якую мелі намер асвятляць.