• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вядучы, які першым сышоў з тэлебачання: Невядомыя людзі падыходзяць проста на вуліцы і дзякуюць

    Што цяпер з Арцемісам Ахпашам, які ў знак пратэсту супраць хлусні сышоў з тэлебачання яшчэ ў чэрвені?

    «З «такім» тэлебачаннем мне не па дарозе» — вядучы Арцеміс Ахпаш адным з першых разышоўся з дзяржаўнымі СМІ праз палітычную сітуацыю ў краіне. Яшчэ ў чэрвені ў сваім інстаграме ён апублікаваў допіс, у якім эмацыйна звярнуўся да калег, якія транслююць хлусню з экранаў. Пасля публікацыі тэлеканал АНТ, дзе апошнія гады Арцеміс вёў шоу «Удача ў прыдачу», разарваў з ім прафесійныя стасункі.

    «Я ўсведамляў, чым гэты допіс для мяне абернецца: магчымасць працы на дзяржаўным тэлебачанні і радыё будзе для мяне закрытай. Шкада, таму што прафесію вядучага я любіў, люблю і буду любіць. Проста хочацца рабіць добрае тэлебачанне і мне, вядома, сумна, што я пазбавіўся магчымасці», — кажа Арцеміс.

    Па словах Ахпаша, працы ў яго стала значна менш:

    «Я працую у якасці вядучага мерапрыемстваў, але сёння масавых, вялікіх святаў не праводзіцца, не толькі праз каранавірус, але і праз эканамічнае становішча ў краіне. Мая асноўная дзейнасць цяпер — гэта дыктар агучвання. Я даўно агучваю рэкламу і прэзентацыйныя фільмы, то-бок служу закадравым голасам, і сёння гэта сціпла дапамагае мне трымацца на плаву. У цэлым я і мая сям’я — а я з’яўляюся ў ёй кармільцам, бо жонка ў асноўным займаецца сынам, якому хутка споўніцца шэсць гадоў, — стаім перад вялікім і вельмі важным пытаннем, дзе мне працаваць далей».

    Арцеміс кажа, што не шкадуе пра той пост, але зрабіў бы яго менш эмацыйным, бо некаторых калег ён пакрыўдзіў, хаця большасці з іх не тычыўся: усё ж зварот быў накіраваны тым, хто стварае і выдае лжывыя навіны.

    У той жа час ён адчуў падтрымку калег: «Я разумею, што зрабіў той учынак не дарма, бо бачу, што ў вялізнай колькасці людзей падобныя думкі і погляды, у тым ліку сярод калег. Адразу пасля мяне некалькі з іх таксама выказаліся і сышлі з тэлебачання. Нават на вуліцы да мяне падыходзяць і дзякуюць проста невядомыя людзі. Такая рэакцыя вельмі прыемная».

    На пытанне пра вяртанне ў эфір вядучы адказвае, што зможа вярнуцца, калі ў гледачоў з’явіцца жаданне ўключыць беларускае тэлебачанне.

    «Вы не лучше тех, кто пакует людей в автозаки»: Ведущий ОНТ обратился к своим коллегам с госТВ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці