МУС выдаткуе $57 тысяч на новыя дыктафоны і відэакамеры (у тым ліку GoPro)
Дэпартамент фінансаў і тылу МУС закупляе відэа- і аўдыяабсталяванне на суму 148 тысяч 900 беларускіх рублёў. Усяго за гэтыя грошы (дарэчы, каля 57 тысяч долараў па цяперашнім курсе) міліцыя плануе набыць 92 відэакамеры і 54 дыктафоны.
У заяўцы пазначаны прыкладныя мадэлі камер, якія падыдуць міліцыянерам. Прыведзенаму апісанню відеапрылад адпавядаюць лічбавыя відэакамеры «Panasonic HC-W580», «Panasonic HC-V380» альбо іх аналагі. Гэта камеры, падобныя да тых, што так званыя «ціхары» — супрацоўнікі ОУС у цывільным адзенні — выкарыстоўваюць на пратэставых акцыях, каб здымаць мітынгоўцаў.
Таксама сілавікам патрэбны даражэйшыя мадэлі. Напрыклад, адпавядаюць заяўкам камера «Sony Handycam FDR-AX53», цана на якую вагаецца каля 3 тысяч рублёў, і камера «Panasonic AG-UX180», арыенціровачны кошт якой — каля 6 тысяч рублёў. «Panasonic AG-UX180» — гэта «мадэль прэміум-класа серыі UX», якая падтрымлівае прафесійныя функцыі і вылучаецца тэхнічнымі характарыстыкамі «для самых патрабавальных карыстальнікаў». Можа, МУС надумаў завесці б’юці-блог? Або запісваць выбачэнні правапарушальнікаў цяпер будуць у якасці 4К?
Таксама прадстаўнікам МУС спатрэбілася экшн-камера накшталт «GoPro HERO5 Session». Экшн-затрыманні і экшн-разгоны пратэстоўцаў патрабуюць адпаведнага відэаабсталявання?
16 верасня МУС асобнай заяўкай таксама размясціў тэндар на куплю гуказапісвальнага абсталявання — ад простых да прафесійных прылад. У многіх заяўках месцам пастаўкі тавару пазначаны Дзяржынск. У тэлеграм-чаце горада перапалохаліся, маўляў, навошта столькі ўсяго ў Дзяржынску?
Як пракаментаваў Еўрарадыё прадстаўнік Дэпартамента фінансаў Павел Сілівончык, «камеры будуць выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Для здымкі». А ў Дзяржынск абсталяванне прывезлі таму, што там знаходзіцца склад МУС: «Гэта для ўсёй рэспублікі».