Зьняволенага рэдактара «Нашай нівы» выклікаюць у суд у адміністрацыйнай справе
Як паведаміла журналістка Адар’я Гуштын, жонка зьняволенага галоўнага рэдактара «Нашай нівы», яе мужу прыслалі позву ў суд.
Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай нівы», Архіўнае фота
Ягору Марціновічу прыйшла позва ў суд Заводзкага раёну Менску, на панядзелак, 28 верасьня ў 10.00. У ім сказана, што ў адносінах Ягора вядзецца адміністрацыйны працэс — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Адар’я Гуштын лічыць, што гэта можа быць справа па факце ягонага затрыманьня 11 жніўня, калі спэцназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, пабілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводзкага РУУС, а пасьля перавезьлі ў жодзінскую турму. Агулам ён быў затрыманы 2 з паловай дні.
Пасьля Ягора прывезьлі на машыне пад МУС на Гарадзкі вал, дзе ў прысутнасьці прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай перадалі жонцы і калегам.
Адар’я нагадвае, што гэтая сытуацыя пасьля абмяркоўвалася на сустрэчы рэдактараў з прадстаўнікамі МУС і Міністэрства інфармацыі, Вольга Чамаданава публічна заяўляла, што яны разьбяруцца, хто і чаму выцягнуў журналіста з машыны, біў і трымаў на зямлі.
«Пра вынікі «разбору» нічога невядома. Затрымаць Ягора ў адміністрацыйным парадку яшчэ раз у гэтай справе нельга, нагадаю, ён ужо адсядзеў 2,5 дня, і нават калі тады не аформілі пратакол затрыманьня, то ён быў зарэгістраваны ў Жодзіне, МУС давала шматлікія камэнтары пад запіс пра ягонае затрыманьне, зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было», — перакананая Адар’я Гуштын.