Журналісту Андрэю Якімушу далі 10 сутак арышту
Журналіста, сябра ГА "БАЖ" Андрэя Якімуша ў Пінску асудзілі на 10 сутак арышту за нібыта ўдзел у акцыі 13 верасня, якую ён асвятляў.
22 верасня ў суд Пінскага раёна і г. Пінска быў выкліканы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Якімуш.
Разглядалася адміністрацыйная справа аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, так званым «жаночым маршы салідарнасьці», які праходзіў у Пінску 13 верасня.
Андрэй у гэты час знаходзіўся ў цэнтры горада і здымаў тое, што адбываецца на фотакамеру.
У судзе Андрэй заявіў, што ў вулічнай акцыі ўдзелу не прымаў і з прад’яўленым абвінавачваннем не згодны.
Заслухаўшы паказанні сведкі, а ў гэтай якасці выступіў супрацоўнік міліцыі, суд прызнаў Андрэя Якімуша вінаватым па артыкуле 23. 34 КаАП РБ і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 10 сутак арышту. Пад варту яго ўзялі ў зале суда. Заўтра ў Пінску суд над яшчэ адным журналістам Віктарам Ярашуком.
Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2020 годзе (табліца, абнаўляецца)