• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскі журналіст Яўген Меркіс атрымаў 15 сутак арышту

    Міліцыя  журналістаў затрымлівае, а суды "штампуюць" арышты.

    Суддзя Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў пакараў 17 верасня журналіста-фрылансера, сябра ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса 15-суткавым адміністрацыйным арыштам за ўдзел у недазволеным маршы.

    Ні міліцэйскі пратакол, ні судовая пастанова не адпавядаюць рэчаіснасці, бо Яўген, як і іншыя гомельскія незалежныя журналісты, вёў стрымы з пратэстных маршаў супраць фальсікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яўгена прэвентыўна затрымалі яшчэ ў панядзелак, 14 верасня. З таго часу ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

    «Мы ад ранку чакалі каля суда, калі з ізалятара прывязуць Яўгена. Але ў суд яго так і не прывезі. У другой палове дня праз канцылярыю стала вядома, што судзілі Меркіса за зачыненымі дзвярыма на выяздным пасяджэнні ў Навабеліцкім РАУСе. Гэта такое ноў-хаў міліцыянтаў і судоў. Відавочна, што без нагляду грамадскасці прасцей «разглядаць» падобныя справы. Ніхто ні міліцыянтам, ні суддзям не крыкне «Ганьба!» , —  кажа калега Меркіса, відэааператар Андрэй Толчын.

    Сам Андрэй толькі напярэдадні  выйшаў з ізалятара, дзе адбываў 5‑арышт таксама нібыта за ўдзел у маршы пратэсту 6 верасня. Старшы інспектар  міліцыі Савецкага РАУС Баранаў у рапарце ўказаў, што Толчын «трымаў штатыў», і гэтым пацвяржаецца яго ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

    На падставе рапарта ўчастковы Мікіта Барушка склаў адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП, а суддзя Аляксандр Мохараў пакараў відэааператара суткамі.

    Толчын на знак пратэсту  ўсе пяць дзён трымаў у ізалятары «сухую» галадоўку. Пастанову на арышт ён збіраецца абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.

    І сёння ж стала вядома, што ў Рэчыцы  раённы суд пакараў штрафам ў памеры 270 рублёў  за фотаздымкі  мірнай пратэстнай акцыі вядомага ў горадзе фатографа Аляксея Змушко.

    Нагадаем, Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 15 верасня пакараў журналістку-фрылансера, сябра ГА «БАЖ» Марыну Драбышэўскую за ўдзел у недазволеным маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 10 суткамі арышту. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці