Гродна: дзяржаўныя тэлеканалы разгарнулі цкаванне Руслана Кулевіча
Цягам апошніх некалькі тыдняў дзяржаўныя СМІ разгарнулі інфармацыйную вайну супраць сябра ГА “БАЖ”, журналіста гродзенскага анлайн-выдання Hrodna.life Руслана Кулевіча.
Журналіст быў гвалтоўна затрыманы міліцыянтамі 11 жніўня ў цэнтры Гродна ў памяшканні крамы. У момант інцыдэнту Руслан быў абазначаны камізэлькай з надпісам “Прэса”. Падчас затрымання яго жорстка збілі, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і да суда змясцілі пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання.
12 жніўня на падставе міліцэйскага пратакола суд прызнаў Руслана Кулевіча вінаватым і пакараў арыштам. Выйшаўшы на волю, журналіст звярнуўся па медыцынскую дапамогу: урачы дыягнаставалі ў яго пералом абедзвюх рук у вобласці кісцяў, закрытую чэрапа-мазгавую траўму і струс мазгоў. Некалькі тыдняў Руслан правёў у лякарні.
Адразу пасля вызвалення журналіст стаў атрымліваць ананімныя пагрозы, таксама невядомыя размясцілі ў інтэрнэце асабістыя звесткі пра яго сям’ю і зневажальную інфармацыю.
А некалькі дзён таму ў эфіры дзяржтэлеканалаў прадэманстравалі фільм “Протест наизнанку” — нібыта дакументальнае кіно ад Агенцтва тэлевізійных навін, дзе згадваецца Руслан Кулевіч.
“Гэту перадачу паказалі, мабыць, па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах. І гэта ўжо быў чацвёрты раз, калі пра Руслана ўзгадалі. Прычапіліся да яго рук — што нібыта ні адна костка не была зламаная. І круцяць гэтую тэму проста бясконца”, — звяртае ўвагу галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота.
Паводле яго слоў, пасля лякарні журналіст знаходзіцца на рэбілітацыі, рэдакцыя дала яму невялікі адпачынак, каб аднавіў здароўе. Зараз “самы хуткі гарадзенскі журналіст” працуе з дому дыстанцыйна.