Фотакарэспандэнтам Васюковічу і Грыдзіну прысудзілі па 11 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 17 верасьня ўзнавіліся адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам, Уладзем Грыдзіным і іхным сябрам Ягорам Калягіным, якіх затрымалі ўвечары 13 верасьня ў менскім бары «1067». Іх вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Учора суд адправіў справы ўсіх трох на дапрацоўку. Абвінавачаньне ня здолела даказаць, што Васюковіч, Грыдзін і Калягін удзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі на вуліцы Раманаўскай Слабадзе — ўжо пасьля завяршэньня пратэставага «Маршу герояў». Сёньня міліцыя прадставіла цалкам пераробленыя пратаколы. Зь іх вынікае, што фотакарэспандэнты і іх сябар «мітынгавалі» зусім у іншым месцы і ў іншы час — на вуліцы Прытыцкага, 21, з 19:00 да 19:05.
17.19 Суд прызнаў вінаватымі Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна ў парушэньні парадка арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Кожнаму зь іх прысудзілі па 11 сутак арышту. Яны знаходзяцца за кратамі зь вечара 13 верасьня.
15.37 Разгляд справы Васюковіча скончаны. Суддзя выйшаў для прыняцьця рашэньня. Да гэтага ў працэсе паглядзелі відэа, дзе бачна, што журналіст менавіта працуе каля станцыі мэтро «Пушкінскай». Таксама вывучылі рэдакцыйнае заданьне газеты «Новы час». Адвакат выступіла з прамовай, дзе падрабязна патлумачыла неабходнасьць закрыць справу, паведаляе БАЖ.
15.12 У судзе над Васюковічам дапытваюць фотажурналістку Tut.by Вольгу Шукайла, паведамляе БАЖ. «Бачыла журналіста падчас працы. Ён быў абазначаны, меў пасьведчаньне. Разам са мной здымаў акцыю, мы працавалі побач. Васюковіч нічога не крычаў, ня меў ніякай сымболікі. Пасьля інцыдэнту з журналістамі БелаПАН, „КП“ і Tut.by два тыдні таму, фатографы наогул імкнуцца не размаўляць з удзельнікамі акцыі».
Васюковіч сядзіць у калідоры на Акрэсьціна, побач зь ім размаўляюць і ходзяць супрацоўнікі міліцыі. На скайп часта тэлефануе нехта іншы. Усё гэта чутно ў судзе.
14.54 Пачаўся разгляд справы Ўладзя Грыдзіна. Як і ў выпадку Васюковіча, пратакол Грыдзіна міліцыя перапісала. Паводле новай версіі сілавікоў, ёнмітынгаваў не на Раманаўскай Слабадзе, а ў раёне вуліцы Прытыцкага 21.
14.44 Аднавіўся разгляд справы Аляксандра Васюковіча. Паводле перапрацаванага пратаколу, 13 верасьня ён браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу на вуліцы Прытыцкага 21, у раёне 19.00. У пратаколе аб адміністратыўным парушэньні гаворыцца, што Васюковіч зь ім ня згодны. Ён кажа, што на месцы правядзеньня мітынгу працаваў як журналіст.
14.09 Ягору Калягіну, якога затрымалі разам з Грыдзіным і Васюковічам, прысудзілі штраф 540 рублёў.