Тысячы рублёў штрафаў, дзясяткаў дзён арышту. Вынікі судоў над «белсатаўцамі» ў аўторак
У аўторак ў розных гарадах Беларусі праходзіць судовыя працэсы над журналістамі, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». Прысуды разнастайныя – некаторых выпускаюць на волю з вялікімі штрафамі, некаторых саджаюць на содні.
У Менску далі штраф
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску суддзя разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Кацярыны Андрэевай і Максіма Калітоўскага. Іх судзілі паводле арт. 22.9 (парушэнне закону аб СМІ) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі). У выніку суддзя адправіў на дапрацаванне справу паводле артыкулу 23.4, а паводле артыкулу 22.9 – штраф у памеры 50 базавых велічынь Br 1375 рублёў. Аналагічны прысуд і ў дачыненні Максіма Калітоўскага.
Кацярына і Максім былі затрыманыя ў субота а 15:30 падчас стрыму з жаночага маршу. Тры дні яны ўтрымліваліся за кратамі на ЦІП.
Гомель – 10 содняў
Марыну Драбышэўскую, журналістку-фрылансерку з Гомля, пакаралі 10-дзённым арыштам паводле арт. 23.34. Хоць на акцыі яна працавала як журналістка і была ў камізэльцы «Прэса» і мела адмысловы бейдж. Марыну затрымалі ўчора ўвечары ва ўласным доме. Матулі журналістцы, якая мае інваліднасць, стала блага на судзе.
Справу іншага журналіста з Гомля, Яўгена Меркіса, адправілі на дапрацаванне да 17 верасня. Гэта значыць, што хутчэй за ўсё журналіста не выпусцяць на волю да гэтага тэрміна.
***
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, пасля 9 жніўня было зафіксавана 197 выпадкаў ціскаў на журналістаў. Часцей за іншых церпяць журналісты «Белсату».
Нашых калегаў вінавацяць у працы без акрэдытацыі і нават ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, на якіх яны працуюць.