Затрыманні журналістаў 12 і 13 верасня ў Мінску і рэгіёнах
12 верасня
Мінск
Былі затрыманыя журналісты «Белсата» Кацярына Андрэева і Максім Калітоўскі. Яны вялі стрым з акцыі пратэсту. Журналістаў адвезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна. У іх забралі тэхніку, пагражалі надзець кайданкі.
Кацярына паведаміла сваякам, што на іх склалі па два пратаколы паводле арт. 22.9 («парушэнне заканадаўства аб СМІ») і арт. 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП. Міліцыянт, што складаў пратаколы, заявіў, што судзіць іх будуць толькі ў аўторак (15 верасня). Да гэтага часу журналісты застануцца на Акрэсціна.
Днём у цэнтры Мінска затрымалі прадстаўніцу Adami Media Prize Вольгу Бартлаву. Склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП, хуткая забрала ў шпіталь з гіпертанічным крызам.
Падчас «Жаночага маршу» ў журналіста «Радыё Свабода» Алеся Пілецкага аператар RT спрабаваў забраць тэлефон. Вось што расказвае сам Алесь:
«Ужо пасля апошняга затрымання, калі ўдзельнікаў акцыі амаль не засталося, на праспекце заставаліся толькі журналісты. Сярод іх вось гэты незразумелы апэратар з незразумелай карэспандэнткай. Ад іх моцна патыхала алькаголем, гэта заўважылі ўсе. Яны сталі з іншымі журналістамі спрачацца, яшчэ некалькі ўдзельнікаў акцыі заставалася, і зь імі спрачаліся таксама.
Мы падышлі, сталі пытацца, хто яны. Яны ў адказ сталі проста ў твар нас здымаць. Я таксама дастаў тэлефон і стаў спрабаваць здымаць іх. Мужчына агрэсіўна за мой тэлефон ухапіўся, але я ня даў яго забраць. Гэта ўсё вельмі хутка адбывалася. Хто гэтыя журналісты і ці журналісты яны ўвогуле, мы ня ведаем»
Брэст
У Брэсце да журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Леўчука дадому міліцыя прыехала, але не трапіла да іх.
Журналісту Стасу Коршунаву патэлефанавалі з міліцыі і папярэдзілі, каб ён не ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах.
Па месцы прапіскі кіраўніка Брэсцкай філіі БАЖ Максіма Хлябца таксама прыходзіў участковы.
13 верасня
Мінск
Затрымалі карэспандэнта «Белсата» Арцёма Ляву. Яго адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС. Праз некалькі гадзін вызвалілі, пратакол не складалі, але забралі на экспертызу аўтамабіль, ноўтбук і тэлефон.
У Менску была затрыманая галоўная рэдактарка dev.by Наталля Правалінская. Яе вызвалілі без пратакола.
Журналіста «Нашай Нівы» Змітра Панкаўца затрымалі на Нававіленскай, але пасля праверкі дакументаў адпусцілі.
На Пушкінскай АМАПавец скінуў з парапета фотакарэспандэнта расейскага агенцтва ТАСС Валерый Шарыфулін. Імаверна, была пашкоджаная тэхніка.
У Мінску жорстка затрымалі журналістку Таццяну Гаргалык, адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС. На яе склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП і вызвалілі.
Позна вечарам у кавярні “1067” на Раманаўскай Слабадзе былі затрыманыя двое журналістаў: фатографы Аляксандр Васюковіч, Уладзь Грыдзін. Таксама быў затрыманы прэс-сакратар ЗБС «Бацькаўшчына» Сяргей Кандраценка.
Усе журналісты былі з бэйджамі. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў памяшканне бара і затрымлівалі мэтанакіравана толькі іх.
Журналістаў да суда пакінулі ў ІЧУ на Акрэсціна. на іх складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП (пакуль не пацверджана).
Магілёў
Затрыманы журналіст Алесь Сабалеўскі. Сабалеўскі супрацоўнічае з сайтам «Магілёўскі рэгіён».
Сабалеўскага на гэтым тыдні вызвалілі з ізалятара, дзе ён адбываў 8 сутак адміністрацыйнага арышту, падчас арышту журналіст трымаў галадоўку на знак пратэсту.