У Глыбокім затрымлівалі блогера Яраслава Берніковіча (абноўнена)
У Глыбокім увечары 23 жніўня міліцыянты пасля пратэстнага мітынгу затрымалі блогера Яраслава Берніковіча, сябра Глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ”. Ноч яго трымалі ў Глыбоцкім РАУС.
У дачыненні блогера распачалі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.34 КаАП — за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Падставай стаў рэпост паведамлення ў сацсетцы пра мірны мітынг, які павінен быў адбыцца ў Глыбокім.
Раніцай 24 жніўня яго жонцы Берніковіча паведамілі, што разгляд ў судзе адбудзецца сёння, калі будуць падрыхтаваныя ўсе матэрыялы справы. Дакладны час не назвалі.
Каля 16-ай гадзіны Яраслаў Берніковіч выйшаў з будынка суда. Паводле яго слоў, міліцыянты завезлі ў суд, там суддзі камусьці пачалі тэлефанаваць, потым узялі з яго распіску і адпусцілі. Сказалі, што дату судовага слухання паведамяць пазней. Як кажа Яраслаў, міліцыянты былі самі вельмі здзіўленыя гэтым.
Суда паводле арт. 23.34 КаАП чакае і грамадскі актывіст з Глыбокага Вадзім Хлус. Маёр міліцыі Сяргей Цырбан склаў на яго пратакол таксама за рэпост у тэлеграм-канале “Глыбокае для жыцця” інфармацыі пра мітынг.