Не станок зламаўся, а зламаліся мазгі ў тых, хто на штыках пакуль што трымае ўладу. Зварот ад чытачоў «Народнай Волі»
Па загадзе ўлад сённяшні нумар газеты “Народная Воля” не аддрукаваны. Будзем змагацца за нашы агульныя з Вамі, шаноўныя чытачы, правы. А зараз заходзьце ў раздзел “Архіў газеты”, там, пакуль будзе інтэрнэт, Вы маеце магчымасць прачытаць усе матэрыялы нумара.
Толькі што перагаварыў з генеральным дырэктарам выдавецтва “Беларускі Дом друку” спадаром Раманам Алейнікам, друкарня якога па дамове з рэдакцыяй тыражуе газету “Народная Воля”.
На пытанне, чаму сённяшні нумар не аддрукаваны і не адпраўлены ў экспедыцыю для распаўсюджвання, пачуў: “Зламалася тэхніка”. – “І што, да гэтага часу не адрамантавалі?” – “Не”.
“Зламалася тэхніка” і не аддрукавана “Народная Воля”, але не “зламалася тэхніка” і аддрукаваны ўсе дзяржаўныя газеты.
Відавочна адно: зламаўся не друкарскі станок, а зламаліся мазгі ў тых, хто на штыках пакуль што трымае ўладу.
“Народная Воля” была і будзе з народам!
Рэдакцыйны калектыў звяртаецца да ўсіх беларусаў, якія ў гэтыя дні бароняць свае законныя правы, сваю годнасць, а таксама да міжнароднай супольнасці: толькі разам зможам адстаяць свабоду свабоду слова, свабоду “Народнай Волі” і незалежнасць Беларусі!
Дыктатуры — НЕ!
Іосіф СЯРЭДЗІЧ,
заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар
газеты “Народная Воля”