Гродзенскія журналісты падалі заяву адносна фактаў гвалту з боку сілавікоў у дачыненні мірных жыхароў Гродна
Прадстаўнікі журналісцкай супольнасці Гродна накіравалі заяву начальніку УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзіму Сіняўскаму, пракурору г. Гродна Уладзіміру Клішыну, начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алегу Шандаровічу.
Фота: Беларускае Радыё Рацыя
У заяве журналісты выказваюць абурэнне неабгрутваным гвалтам з боку міліцыі і сілавых ведамстваў супраць мірных жыхароў Гродна, які адбыўся з 9 па 11 жніўня 2020 года.
Апроч гэтага яны заяўляюць, што маюць дзясяткі сведчанняў пра незаконныя затрыманні, ужыванне фізічнай сілы і спецсродкаў, тараны спецтэхнікай цывільных аўтамабіляў, незаконнае абмежаванне перасоўвання людзей, гвалт над людзьмі падчас затрыманняў і перабывання пад вартай.
У заяве прыведзены спіс журналістаў, якія былі незаконна затрыманыя і збітыя супрацоўнікамі міліцыі. У гэтым пераліку: Руслан Кулевіч (падчас затрымання зламалі абедзве рукі), Ян Роман і Алесь Дзянісаў (збітыя), Вольга Камягіна (прыніжэнне чалавечай годнасці). Сярод затрыманых таксама пазначаныя Ігар Бублікаў, Іна Грышук, Аляксей Кайрыс, Сяргей Людкевіч і Аляксандар Саенка.
Журналісты патрабуюць даць ім інфармацыю пра дакладную колькасць і імёны ўсіх затрыманых падчас мірных акцый пратэсту, пазначыць звесткі пра пакаранні іх і месцы цяперашняга знаходжання. Апроч гэтага, прадставіць дадзеныя пра ведамасную прыналежнасць і нумары падраздзяленняў, якія былі задзейнічаныя для затрымання, утрымання і транспартавання людзей, а таксама імёны і званні кіраўнікоў спецаперацыі затрымання людзей у Гродне.
Дадаткова журналісты просяць паведаміць ім інфармацыю пра колькасць пацярпелых і шпіталізаваных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў падчас задушэння пратэстаў у Гродне.
Таксама гродзенскія журналісты запатрабавалі даць інфармацыю пра ўжо здзейсненыя і запланаваныя дзеянні, скіраваныя на расследванне фактаў незаконнага затрымання і прымянення фізычнага гвалту супраць прадстаўнікоў медыя і іншых мірных грамадзян.
Заяву падпісалі каля двух дзясяткаў гродзенскіх журналістаў.