У тэлерадыёкампаніі «Гродна» трое вядоўцаў заявілі, што хочуць асьвятляць падзеі аб’ектыўна. Іх адхілілі ад эфіру
Кампанія фактычна страйкуе, у эфір выходзяць толькі навіны надвор’я.
Супрацоўнікі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з Горадні падтрымалі агульнанацыянальныя патрабаваньні і заявілі, што гатовыя надаць пляцоўку для аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў.
Адначасова, як расказаў вядоўца ТРК «Гродна» Дзьмітры Лютомскі, трох вядоўцаў кампаніі Дзьмітрыя Чэкана, Дзьмітрыя Лютомскага і Сяргея Гадзяева кіраўніцтва адхіліла ад эфіраў.
Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі не абвяшчалі страйк, бо мяркуюць, што могуць быць карыснымі, даючы праўдзівую інфармацыю. Паводле Лютомскага, цяпер і так кампанія фактычна страйкуе, у эфір выходзяць толькі навіны надвор’я.
Зварот да старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусі Івана Эйсманта зьявіўся ў сацыяльных сетках ТРК «Гродна».
Супрацоўнікі абураныя падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі: грубымі парушэньнямі падчас выбарчай кампаніі; парушэньнем правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі; ціскам на журналістаў, цэнзурай у дзяржаўных СМІ.
-
Яны падтрымалі патрабаваньні:
-
прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў;
-
адправіць у адстаўку старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну;
-
правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары;
-
не дапускаць гвалт над мірнымі грамадзянамі;
-
усіх работнікаў праваахоўных органаў, якія незаконна ўжывалі гвалт, прыцягнуць да адказнасьці;
-
вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых на мірных акцыях пратэсту;
-
скасаваць цэнзуру ў дзяржаўных СМІ,
-
даць магчымасьць аб’ектыўна асьвятляць падзеі.
«Цяпер мы гатовыя даць пляцоўку для канструктыўнага дыялёгу ў радыё- і тэлеэфіры як прыхільнікам, так і ня згодным зь дзейнай уладай», — гаворыцца ў звароце.
Калі патрабаваньні ня выканаюць да 21 жніўня, супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі могуць пачаць бестэрміновы страйк.
Вечарам 17 жніўня дзяржаўная тэлевізія Горадні ўключыла адтуль жывую трансьляцыю.
На мітынгу было абвешчана, што ад 18 жніўня прадпрыемства «Гродна Азот» пачне страйк. Фармат будзе вызначаны заўтра.
Са сцэны выступіў жыхар Пецярбургу Аляксей Абрамаў. Ён прыехаў у Горадню як турыст. Яго затрымалі на мінулым тыдні, калі ён ішоў па вуліцы ў вышыванцы. Па ягоных словах, яго шматкроць зьбівалі і катавалі. Знайшлі пры ім 200 даляраў і дапытвалі, нібыта ён некаму плаціў грошы, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.
Аляксей зьняў на сцэне вышыванку і паказаў вялікія сінякі на целе і руках. Яго трымалі ў зьняволеньні тыдзень і вызвалілі ўвечары 17 жніўня пасьля таго, як пратэстоўцы высунулі свае патрабаваньні да ўладаў.