Рэдакцыя «Звязды» патрабуе адмены цэнзуры
Раніцай 18 жніўня стала вядома, што цяперашні рэдактар "Звязды" Павел Сухарукаў звольнены. На яго месца прызначылі экс-міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча.
Прыкладна а 12-й дня гэтую інфармацыю абвергі: магчыма, ранейшае рашэнне было адменена.
Журналісты "Звязды" рыхтуюць адкрыты ліст з нагоды сітуацыі, якая склалася ў краіне і ў выданні. Таксама рыхтуецца страйк.
У старэйшай беларускай газеце «Звязда» супрацоўнікі патрабуюць нармальных умоў працы — без цэнзуры, магчымасці ўсебакова асвятляць падзеі, якія цяпер адбываюцца ў краіне.
Супакойваць журналістаў прыехала Начальніца галоўнана ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Шпілеўская. Яна пераконвала журналістаў «Звязды», што тыя самі да канца не разумеюць сітуацыю ў краіне.
18 жніўня журналістка «Звязды» Ірэна Кацяловіч напісала: «Учора мая «Звязда» абвясціла кіраўніцтву, што хоча сумленна асвятляць падзеі ў краіне, такі сабе байкот. У рэдакцыю прыехаў міністр інфармацыі, потым ідэалагіня з Адміністрацыі прэзідэнта. А сёння звольнілі галоўнага рэдактара. Калектыў піша зварот да міністэрства і звальняецца ўслед».
«Звязда» — адзіная дзяржаўная рэспубліканская штодзённая грамадска-палітычная беларускамоўная газета Беларусі. «Звязда» — старэйшая газета Беларусі, якая выдаецца ўжо больш за стагоддзе. Яе першы нумар выйшаў у свет яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі — 9 жніўня 1917 года.
Штодзённы наклад — каля 20.000 асобнікаў.