• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Стас Івашкевіч піша пра тое, як яго затрымалі і кінулі ў ІЧУ

    Дзякуй за падтрымку!
    Thank you for your sup­port!
    Спасибо за поддержку!

    Мяне вызвалілі ўчора (11 жніўня) каля 19‑й вечара. Сілавікі адвезлі мяне ў мікрааўтобусе за пару кіламетраў ад турмы на Акрэсціна і выпусцілі без асабістых рэчаў, якія канфіскавалі падчас затрымання (пашпарт, тэлефон, гаманец, банкаўскія карты, наяўныя грошы, ключы). Адваката, які спрабаваў атрымаць іх назад, спачатку перанакіроўвалі на розныя паверхі, а потым, фізічна, выпхалі за дзверы турмы.

    Мяне судзілі паводле артыкула 23.34 — Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суддзя адмовілася выклікаць сведак — міліцыянтаў, якія затрымлівалі мяне ў супрацьлеглым канцы горада, чым было напісана ў пратаколе, а таксама адмовілася праглядаць відэазапісы на маім тэлефоне, з якіх было ясна, што падчас затрымання я выконваў свае журналісцкія абавязкі. Іншым асуджаным па гэтым артыкуле давалі па 10–15 сутак арышту, але суддзя, падобна, узяла ў разлік сямейныя абставіны — тое, што я даглядаю непаўнагадовага сына, і замяніла арышт на штраф.

    Мяне затрымалі на выбарчым участку, дзе я асвятляў абвяшчэнне вынікаў выбараў — рапартаваў на сайт, здымаў тэлефонам і рыхтаваўся да прамога ўключэння ў эфір. У момант, закрыцця ўчастка, калі людзі пачалі патрабаваць дапусціць назіральнікаў да падліку галасоў, а я здымаў гэта на тэлефон, АМАП пачаў затрымліваць людзей, у тым ліку мяне, хаця я абвясціў ім, што я —  журналіст. На той момант яшчэ затрымлівалі, параўнаўча карэктна — без збіцця.

    Камера, дзе я знаходзіўся з 9.08 па 11.08 — разлічаная на тры месцы. Нас там было 13 чалавек (пазней двух шпіталізавалі: аднаго — з пабоямі, атрыманымі пры затрыманні, а ў другога ногі былі пасечаныя асколкамі светашумавой гранаты). За двое сутак арышту нам выдалі адзін бохан хлеба на ўсю камеру. Адзін раз вывелі ў двор і прагналі «праз шыхт» збіваючы гумовымі палкамі.

    Зараз пад арыштам застаюцца мой аператар Іван Мураўёў і рысерчэр Сяржук Герасімовіч, затрыманыя ў розных месцах Мінска 11 і 10 жніўня адпаведна. Пра іх няма ніякіх звестак.

    З таго, што я ведаю на гэты момант, затрыманыя, бяз вестак аб іх месцазнаходжанні, журналісты Белсату Тацяна Белашова, Віталь Дубік, Максім Швед, Алена Шчарбінская.

    Ім патрэбная падтрымка міжнароднай журналісцкай салідарнасці. Журналісты іншых выданняў былі затрыманыя, збітыя, або параненыя гумовымі кулямі. Падобна, што сілавікі часта нацэльваюцца адмыслова на журналістаў.

    Я працягваю журналісцкую працу. Дзякуй яшчэ раз усім сябрам у Беларусі і за мяжой за салідарнасць і падтрымку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці