У Глыбокім суд пакараў журналіста Змітра Лупача арыштам на пяць сутак
Увечары 9 жніўня Зміцер Лупач прысутнічаў на цэнтральнай плошчы Глыбокага, дзе сабраліся жыхары горада не згодныя з агучанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Напраканцы мерапрыемства да яго падыйшлі міліцыянты і запатрабавалі прайсці з імі.
Прыкладна апалове 12-ай уначы журналіст патэлефанаваў жонцы і паведаміў, што яго затрымалі. Раніцай у адказ на тэлефанаванне супрацоўнікі міліцыі запэўнілі жонку, што Зміцер Лупач затрыманы да суда і пасля 9:00 мусіць быць дома.
Далей напрацягу дня ні яна, ні калегі журналіста не маглі высветліць, на які час прызначанае судовае пасяджэнне і дзе знаходзіцца Зміцер. У судзе адказвалі, што справы яшчэ няма, а ў міліцыі — што нічога не ведаюць.
Толькі каля 16 гадзін стала вядома, што суд ужо адбыўся: Лупача пакаралі арыштам на 5 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).