• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўны рэдактар інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Зміцер Салаўёў аб’явіў галадоўку

    Увечары 8 жніўня супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”, сябра ГА “БАЖ” Змітра Салаўёва. У праваахоўнікаў чамусьці ўзнікла падазрэнне, што машына Змітра нібыта знаходзіцца ва ўгоне — журналіста затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.​

    У РАУСе міліцыянты пастанавілі накіраваць аўтамабіль Салаўёва на экспертызу. Акрамя гэтага, журналіста пачалі абвінавачваць у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь), нібыта Зміцер адмовіўся паказваць ім дакументы. Між тым, пры затрыманні прысутнічаў сведка, які пацвярджае, што Салаўёў прадаставіў дакументы па першым патрабаванні. Яго сведчанні супрацоўнікі міліцыі нават не захацелі слухаць.

    Жонка Змітра, Надзея Салаўёва, паведаміла журналістам, што ён прыняў рашэнні трымаць галадоўку. Такім чынам Салаўёў выказвае свой пратэст супраць незаконнага затрымання.

    Хутчэй за ўсё, журналіста даставяць у суд для разгляду яго адміністрацыйнай справы толькі ў панядзелак 10 жніўня. Дзень выбараў Салаўёў правядзе за кратамі ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання.

    Нагадаем, што па падобнай схеме 5 жніўня ў Магілёве затрымалі журналіста Аляксандра Буракова (старэйшага), яго таксама спынілі і даставілі ў Ленінскі РАУС супрацоўнікі ДАІ. Пазней  журналіста арыштавалі на 10 сутак за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). На судзе і Буракоў, і сведкі заяўлялі, што была зладжаная правакацыя.

    За кратамі ў Магілёўскім ІЧУ зараз знаходзяцца яшчэ два магілёўскія журналісты: Уладзімір Лапцэвіч арыштаваны на 12 сутак за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4), Аляксандр Буракоў (малодшы) пакараны 10 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП).

    Па неафіцыйнай інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі таксама вельмі цікавіць месцазнаходжанне яшчэ аднаго магілёўскага журналіста Міхаіла Аршынскага. У Аршынскага ёсць неадбыты тэрмін адміністрацыйнага пакарання 11 суткамі арышту, вынесены судом Ленінскага раёна Магілёва за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — за стрым, які журналіст рабіў 6 мая каля будынка ізалятара часовага ўтрымання ў Магілёве.

    Ад 10 да 12 сутак — магілёўскіх журналістаў пакаралі арыштам АНЛАЙН

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці