У Слуцку 6 жніўня будуць судзіць журналістку «Новага Часу» Зінаіду Цімошак. Пратакол супраць яе перапісалі
Зінаіду Цімошак, журналістку "Новага Часу", затрымалі ўчора ў Слуцку падчас сарванага ўладамі мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Зінаіду будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол перапісалі 5 жніўня з новымі фармулёўкамі.
Журналістка «Новага Часу» Зінаіда Цімошак асвятляла падзеі ў Слуцку. Яна паспела паведаміць пра сваё затрыманне і пра тое, што яе збіраюцца «кінуць на суткі» — без лекаў (таблетак і абязвольваючых прэпаратаў), у якіх калега мае жыццёвую неабоходнасць праз цяжкую невылечную хваробу.
Зінаіда Цімошак, архіўнае фота «Радыё Свабода»
Зінаіда Цімошак напісала хадайніцтва, што ў зняволенні не будзе магчымасці забяспечыць для яе належныя ўмовы ўтрымання з улікам фізічнага стану, а гэта будзе прыроўнена да катаванняў.
У выніку Зінаіду не сталі змяшчаць у ІЧУ да суда і адпусцілі, сёння яна чакае разгляду адміністрацыйнай справы.
Суд быў прызначаны на 9.30 раніцы 5 жніўня. Спадарыня Зінаіда правяла ў будынку суда цэлы дзень, але працэс так і не адбыўся.
Зінаіду мусяць судзіць паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол перапісалі 5 жніўня з новымі фармулёўкамі.
«Я маю дзве копіі пратаколаў — складзены ўчора вечарам і сёння. Ва ўчорашнім пратаколе было напісана «несанкцыянаваны мітынг у падтрымку кандыдата Ціханоўскай». Супрацоўнік міліцыі сам мне сказаў, што з такой фармулёўкай немагчыма судзіць. У новым пратаколе гаворыцца пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства «з мэтай выказвання пратэсту супраць дзеючай улады». Напісана, што на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі разысціся я не рэагавала», — распавяла журналістка.
Яна сказала, што не мела бэйджа «прэса» на вопратцы, але мела пры сабе пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты «Новы Час», якое і прад’явіла супрацоўнікам міліцыі.
Пасяджэнне суда па адміністрацыйнай справе Зінаіды Цімошак прызначанае на 6 жніўня а 10-ай раніцы ў Слуцкім гарадскім судзе.
Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць