• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Слуцку і Салігорску былі затрыманыя трое журналістаў. Зінаіду Цімошак чакае суд

    4 жніўня ў Слуцку планавалася сустрэча з выбаршчыкамі кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Мерапрыемства было фактычна сарванае ўладамі, нягледзячы на гэта, сабралося некалькі сотняў чалавек. У выніку акцыя завершылася хапуном з удзелам мінскага АМАПу.

    Былі затрыманыя трое журналістаў. Зінаіду Цімошак, журналістку "Новага Часу", паспелі аформіць "на суткі", яе чакае суд.

    Адміна Slut­skGorod Уладзіслава Яроту затрымалі пасля стрыму.

    «Я працаваў на мітынгу, які не адбыўся, кандыдата Святланы Ціханоўскай. Пра тое, як разгортваліся падзеі, крыху пазней зраблю асобную публікацыю. У момант, калі пачаліся затрыманні, стаў здымаць прамы эфір на наш YouTube-канал.

    Камізэлькі «Прэса» або бэйджа на мне не было. Прывык, што ў Слуцку ўсе адзін аднаго ведаюць і ў гэтым няма неабходнасці. Не чакаў, што сёння тут будуць працаваць прыезджыя супрацоўнікі. На пачатку акцыі АМАП не перашкаджаў працы як «пазначаных» журналістаў, так і «свабодных» фатографаў.

    На маіх вачах затрымалі некалькі чалавек, астатніх прасілі разысціся і патроху адціскалі ад месца запланаванага мітынгу. Зразумеўшы, што актыўная фаза затрыманняў скончылася, я скончыў стрым, але застаўся ў цэнтры і стаў проста здымаць фота і відэа.

    Падышлі некалькі амапаўцаў і папрасілі прайсці з імі ў машыну. Я сказаў, што я журналіст і выконваю сваю працу, але яны былі настойлівыя. Нічога не заставалася, як спакойна прайсці ў мікрааўтобус», — напісаў Уадзіслаў Ярота пра гісторыю затрымання.

    Яроту разам з іншымі затрыманымі адвезлі ў РАУС,  а затым — адразу ў ізалятар часовага ўтрымання. Прыкладна праз 50 хвілін яго адпусцілі без складання пратаколу.

    Журналістка «Новага Часу» Зінаіда Цімошак асвятляла падзеі ў Слуцку для «Новага Часу». Яна паспела паведаміць пра свае затрыманне і пра тое, што яе збіраюцца «кінуць на суткі» — без лекаў (таблетак і абязвольваючых прэпаратаў), у якіх калега мае жыццёвую неабоходнасць праз цяжкую невылечную хваробу.

    Зінаіда Цімошак напісала хадайніцтва, што ў зняволенні не будзе магчымасці забяспечыць для яе належныя ўмовы ўтрымання з улікам фізічнага стану, а гэта будзе прыраўнена да катаванняў. У выніку Зінаіду адпусцілі да суда (суд мусіць адбыцца 5 жніўня).

    Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць

    У Салігорску, як паведамляе «Наша Ніва», каля стадыёна, дзе мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, сабралася каля 100 чалавек. Было затрымана не менш пяці чалавек. Сярод затрыманых у Салігорску — прадстаўнік рэдакцыі «Лідар прэсс» Уладзімір Уфімцаў

    Затрыманага прадстаўніка «Лідар-Прэс» вызвалілі без складання пратаколу і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці