• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера-трактарыста з Хойнікаў пакаралі арыштам на дзесяць сутак

    Суддзя Хойніцкага раённага суда Андрэй Кардаш 3 жніўня пакараў мясцовага трактарыста, аўтара YouTube-канала "Хойники для жизни" Яўгена Васількова 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

    На здымку: Яўген Васількоў (у цэнтры) у зале Хойніцкага райсуда.  Фота Леаніда Судаленкі

    Суд прызнаў яго вінаватым ў непадпарадкаванні  законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы, у дадзеным выпадку ўчастковаму міліцыянту Васілю Звягіну. Апошні ў адміністрацыйнай справе фігураваў і выступаў як пацярпелы.

    Журналістаў і актывістаў, якія прыехалі ў Хойнікі асвятляць судовы працэс і падтрымаць трактарыста-блогера, спачатку адмаўляліся пускаць на другі паверх будынка суда. А калі яны нарэшце зайшлі ў залу пасяджэнняў, то аказалася, што вольныя месцы ўжо занялі міліцыянты ў цывільным і жанчыны, у якіх мясцовыя жыхары пазналі супрацоўніц райвыканкама. Большасці актывістаў і некаторым журналістам давялося стаяць падчас разгляду адміністрацыйнай справы.

    Свабодалюбівага трактарыста, бацьку шматдзетнай сям’і праваахоўнікі затрымалі ў мінулую пятніцу на працы з прымяненнем кайданкаў, да суда яго змясцілі пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання. Ён нібыта не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі.

    За дзень да гэтага ў Хойніках ладзіўся агітацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, на якім прысутнічаў і Васількоў. Паводле Юрыя Уласава, даверанай асобы Ціханоўскай, пікет «прайшоў роўна»: прысутнічала каля трохсот чалавек, нейкіх непаразуменняў з міліцыяй не было.

    Як паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які сёння прысутнічаў у судзе ў Хойніках, непадпарадкаваннем участковы міліцыянт палічыў тое, што Васількоў адмовіўся пасля агляду аўтамабіля даць на яго дакументы. Па версіі Яўгена Васількова, не даў дакументы, бо ў паперах міліцыі марка аўтамашыны не супадала з маркай яго прыватнай Audi 80.

    «У Хойніках на дарожных знаках «Уступі дарогу» нехта фламастрам панапісваў “Саша 3 %”. З гэтай прычыны міліцыянты прыехалі чамусьці да трактарыста-блогера Васількова. Акурат, як некалі ў Акцябрскім пасля кожнага ілжывага мініравання будынкаў міліцыянты прыязджалі да тамтэйшага блогера Павука. Яўген зазначыў у судзе, што яму сорак гадоў, і ён ужо не ў тым узросце, каб размалёўваць дарожныя знакі», — распавёў праваабаронца Судаленка.

    Трактарыст Васількоў сваёй віны ў непадпарадкаванні не прызнаў. Патлумачыў, што не разумеў, на якой падставе патрабуюць дакументы.

    “У яго аўтамабіль Audi 80, а міліцыянты патрабавалі дакументы на аўтамабіль Audi 100. Паказалі фотаздымкі дарожных знакаў з надпісам “Саша 3 %”, а што да чаго — не патлумачылі. Трактарыст і ў судзе заяўляў, што не разумее, якая сувязь паміж размаляванымі знакамі і аглядам яго аўтамабіля”, — пераказаў тое, што гучала ў ходзе судовага працэсу, Судаленка.

    Яўген Васількоў да нядаўняга часу працаваў механізатарам у КСУП «Судкова». Жыў ціха-мірна — араў, сеяў, гадаваў з жонкай Таццянай дзяцей, дабудоўваў арэндны дом.

    Паводле яго слоў, калі трэба было рамантаваць тэхніку, глядзеў відэа, як гэта робяць іншыя трактарысты. А пасля і сам завёў канал «Хронікі механізатара», каб і яго парадамі карысталіся.  Аднойчы расказаў пра прыпіскі.  Выпадкова ці не, але Васількова сталі тузаць з арэндным домам, патрабавалі перазаключыць дамову. Маўляў, ідзі працаваць у саўгас альбо высяляйся.

    Жонка Васількова пасля таго інцыдэнту патрапіла ў шпіталь, а Яўген выклаў відэа, дзе не скупіўся на моцныя выразы, папярэдзіўшы: глядзець яго можна толькі ва ўзросце «18+». Здымаў таксама ролікі пра цёмныя вясковыя вуліцы, недагледжаныя дарогі. Як ён сам кажа, пра «бардак у раёне».

    Выглядае, што менавіта тады і прыйшло да Яўгена разуменне, што без блогерства, моцнага розгаласу нікога не прымусіш варушыцца, каб што-небудзь змяніць. Падахвоціў і прыклад Сяргея Ціханоўскага з яго «Страной для жизни».

    Сапраўдную папулярнасць саракагадовы трактарыст здабыў, калі запісаў ролік «Пра выбары». Нетаропкі, але дужа эмацыйны расповед пра жыццё і ўдзел у фальсіфікацыі выбараў настаўнікаў і культработнікаў набраў звыш 92 тысяч праглядаў.

    Васількоў апошнія паўгода працаваў у фермера на энерганасычаным трактары John Deere. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Мікалай Чубянок станоўча адгукаецца пра трактарыста-блогера.

    «Ён добры трактарыст, але зашмат здымае. Можа нават ехаць на працу, спыніцца і здымаць відэа», — кажа фермер Чубянок.

    Гаспадарнік пасля арышту Васількова не ведае, дзе знайсці кваліфікаванага механізатара, каб мог працаваць на «амерыканцы”: трэба сеяць рапс на корм жывёле, а трактарыст за кратамі.

    «Калі Яўген вернецца, давядзецца яму даручыць ужо іншы трактар», — са шкадаваннем дадае Мікалай Чубянок.                                                   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці