«Лукашэнка спрабуе дэманізаваць незалежныя СМІ». Заява кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода
Аляксандар Лукашэнка шукае падставы, каб выдварыць журналістаў Радыё Свабода зь Беларусі, заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар.
Гэткім чынам Дэйзі Сындэлар адрэагавала на сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён заклікаў міністра замежных спраў Уладзімера Макея «выдвараць з краіны» журналістаў, якія нібыта «заклікаюць да масавых беспарадкаў».
«Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода адмаўляе абуральнае абвінавачаньне, зробленае прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, як магчымую падставу, каб спыніць нашу дзейнасьць за тое, што мы „заклікаем да беспарадкаў“, — сказала Дэйзі Сындэлар. — Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ня робіць нічога падобнага — наадварот, нашы журналісты самі сталі ў апошнія дні ахвярамі неабгрунтаваных затрыманьняў міліцыяй і гвалту за тое, што проста выконвалі сваю працу».
Дэйзі Сындэлар дадала:
«Абвінавачаньне Лукашэнкі спрабуе дэманізаваць і сказіць ролю незалежных СМІ ў Беларусі, якія паведамляюць пра поўны спэктар падзей, зьвязаных з выбарамі прэзыдэнта 9 жніўня. Мы цьвёрда намераныя працягваць нашу важную працу для народу Беларусі і асуджаем выкарыстаньне афіцыйнымі асобамі неабдуманай рыторыкі і пагроз, якія ставяць пад удар нашых журналістаў».