Шасці чалавекам пагражае «крыміналка» за абразы актывістаў БРСМ у сацсетках
Міліцыя працягвае высвятляць тых, хто ў інтэрнэце абразіў актывістаў БРСМ, паведамляе прэс-служба МУС у сваім Telegram-канале.
Увечары 5 чэрвеня ў адным з Telegram-каналаў былі апублікаваныя персанальныя звесткі і спасылкі на старонкі ў сацсетках людзей, якія ўдзельнічалі ў пікеце за Аляксандра Лукашэнку каля гандлёвага цэнтра ў Мінску.
Паводле звестак міліцыі, у гэты ж дзень на адрас маладых людзей пасыпаліся абразы, пасля чаго актывісты БРСМ напісалі калектыўны зварот у міліцыю.
Праваахоўнікі выявілі некаторых правапарушальнікаў. Да адміністрацыйнай адказнасці за абразы прыцягнулі двух з іх — 30-гадовага ўраджэнца Грузіі ды 23-гадовага мінчука. Паведамляецца, што яны назвалі адну з удзельніц пікета дзяўчынай лёгкіх паводзінаў. Абодвух аштрафавалі — па 540 рублёў (20 базавых велічыняў).
Можна меркаваць, што адзін з іх — чэмпіён па бодзібылдынгу Шота Лабджанідзэ: менавіта яго нядаўна аштрафавалі за абразы. Пры гэтым першы намеснік міністра ўнутраных спраў, палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч чамусьці прапаноўваў адысці «ад прававой ацэнкі гэтай сітуацыі» і спасылаўся на амаральнасць абразы жанчыны з боку мужчыны.
Яшчэ адна 20-гадовая мінчанка зрабіла скрыншот акаўнта удзельніцы пікету. Яна размясціла яго ў сябе на старонцы і падпісала абразлівымі словамі. Пост стаў публічным, таму на дзяўчыну падалі ў суд — каб прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці. Такія ж заявы пададзеныя на яшчэ пяцярых карыстальнікаў, якія пакінулі пад публікацыяй абразлівыя каментары.
Міліцыя высвятляе 50 астатніх чалавек, якія абражалі заяўніцу ў сацсетцы.