• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чэрачань пра супрацоўніцтва з КДБ: Трызненне вар’ята. З «Белсатам» болей не размаўляю

    Палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Барадач, які цяпер жыве ў Германіі, абвінаваціў магчымага кандыдата ў прэзідэнты, лідара партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня ў супрацоўніцтве з КДБ.

    З гучнай заявай ён выступіў у эфіры тэлеканала «Белсат».

    Паводле Барадача, Чэрачань ужо пяць гадоў з’яўляецца інфарматарам КДБ. Маўляў, трапіўся ён на кантрабандзе запчастак з МТЗ і пагадзіўся на супрацоўніцтва, каб не трапіць у турму. Барадач нават назваў канкрэтнае прозвішча чалавека, які нібыта курыруе Чэрачня — нейкі Травулька.

    Сам Сяргей Чэрачань адказаў Барадачу ў каментары для «Нашай Нівы».

    «Калі ў твайго апанента ёсць усе магчымасці хлусіць, пляцоўка для палёту думкі неабмежаваная, то вельмі складана нешта казаць адваротнае. Магчыма, гэта нейкая палітычная замова.

    Што тычыцца «супрацоўніцтва» з КДБ, то шмат людзей ужо ў мяне пра гэта спыталі. Складана аспрэчваць тое, чаго няма. Барадач уключае сваю фантазію і расказвае ўсё, што заўгодна. Зразумейце, калі з майго боку няма ніякіх адносін з КДБ, то як я магу гэта даказаць? Тут фактычна мае словы супраць ягоных словаў.

    Адзінае, што я не магу зразумець як «Белсат» без праверкі інфармацыі паставіў гэтае інтэрв’ю ў эфір. Я з імі размаўляў, мне пісалі некаторыя журналісты тэлеканала, якія выбачаліся: «Сяргей Уладзіміравіч, мы не адказваем за палітыку тэлеканала. Гэта на хайпе, у нас цяпер 400 тысяч праглядаў. Увайдзіце ў становішча і прабачце».

    Асабіста мая пазіцыя: я больш ніякіх кантактаў з «Белсатам» мець не буду, калі не будзе нейкіх публічных выбачэнняў. Не павінны дзяржаўныя тэлеканалы так рабіць! А вы ж ведаеце, што «Белсат» фінансуецца польскім урадам і МЗС. Я папрасіў сустрэчы з польскім паслом, каб пагаварыць па гэтай сітуацыі.

    Любое выданне, калі яно не лічыць сябе жоўтымі стужкамі, павінна пераправяраць інфармацыю. Але вы чулі, што казаў Барадач: «Я валодаю інфармацыю, але вам нічога не скажу, верце мне на слова. Я афіцэр савецкага войска». Я гэта расцэньваю як пэўны прэсінг у свой адрас.

    Прозвішча «Травулька» я ўпершыню пачуў ад Барадача. Ніякіх узаемаадносін з сілавым блокам у мяне няма. У мяне былі па жыцці пэўныя сутычкі і праблемы прыватнага характара, але, калі там гаворыцца, што мяне ледзь не пасадзілі з кантрабандай, пакажыце хоць адзін дакумент, хоць аднаго ўдзельніка тых падзей.

    А тут проста чалавек з хворай псіхікай нешта выдае ў эфір, і некаторыя людзі пачынаюць гэтаму верыць. Кожны чалавек, які можа аналізаваць, можа зрабіць выснову, што гэта трызненне вар’ята. Іншых словаў у мяне няма».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці