Amnesty International заяўляе, што лічыць Сяргея Ціханоўскага і восем чалавек, арыштаваных разам з ім (Яўгена Разнічэнку, Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Навуміка, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага і Арцёма Сакава), вязнямі сумлення, паколькі яны трапілі за краты выключна ў сувязі з мірным ажыццяўленнем сваіх правоў. Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць улады неадкладна і безумоўна вызваліць зняволеных.
Акрамя таго, у заяве адзначаецца, што вязнямі сумлення сталі Віктар і Эдуард Бабарыкі, якія пераследуюцца выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў.
Amnesty International таксама асуджае масавы пераслед блогераў і журналістаў, у прыватнасці Сяргея Багрова, Сяржука Лацінскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Няронскага, Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Цыгановіча.
“Усе яны — вязні сумлення і павінны быць неадкладна і безумоўна вызвалены”, — гаворыцца ў заяве.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ўзмацненне рэпрэсій супраць права на свабоду выказвання меркаванняў, правоў на мірныя сходы і асацыяцыі ў кантэксце маючых адбыцца выбараў выявіла шматлікія іншыя праблемы з правамі чалавека, у тым ліку дыскрымінацыю жанчын, якая часам набывае форму відавочнай мізагініі, шырока трансляванай найбуйнейшымі дзяржаўнымі СМІ.
“Улады павінны аператыўна, грунтоўна, аб’ектыўна, эфектыўна і празрыста расследаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстанні фізічнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжанні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагрозаў, нападаў і абразаў”, — сказана ў звароце.