• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява па Беларусі членаў Еўрапейскага Парламента: Беларусі сапраўды патрэбныя перамены

    18 чэрвеня 2020 г. | Беларусь

    Члены Еўрапарламента: Сп. Андрус Кубілюс, спн. Анна Фатыга, сп. Майкл Галер, сп. Анджэй Вітальд Галіцкі, спн. Сандра Калніетэ, спн. Мірыям Лексман, сп. Зігфрыд Мурэсан, сп. Радослаў Сікорскі, спн. Віёла фон Краман-Таубадэль

    ЗАЯВА ПА БЕЛАРУСІ

    Падзеі ў Беларусі на працягу апошніх тыдняў паказалі, што грамадзяне Беларусі хочуць пераменаў. Гэта пацвярджаецца і аб’ектыўнымі апытаннямі — людзі хочуць зменаў ва ўрадзе, зменаў у палітыцы. Пасля 26 гадоў кіравання А. Лукашэнкі ў краіне, пацярпелай ад пандэміі і эканамічных цяжкасцяў, людзі хочуць рэальных зменаў — гэта выразны сігнал, дасланы грамадзянскай супольнасцю А. Лукашэнку і сябрам Беларусі ў Еўропе.

    Беларусі сапраўды патрэбныя перамены. Яны не павінны палохаць ані грамадзян Беларусі, ані беларускія ўлады. Еўрапейскі саюз гатовы дапамагчы Беларусі на шляху да гэтых непазбежных зменаў. Аднак, толькі сама Беларусь можа ўзяць на сябе адказнасць ператварыць гэтыя змены ў рэальнасць.

    Змены могуць азначаць змену кіраўніцтва краіны, або гэта могуць быць перамены ў палітычным курсе, што праводзяць тыя, што маюць уладу. У гісторыі сусветнай палітыкі ёсць прыклады, калі кіраўнікі, што доўга знаходзіліся ва ўладзе, мудра прыслухаліся да сваіх грамадзянаў, што мірным чынам патрабавалі пераменаў, і самі ініцыявалі радыкальныя змены ў сваёй палітычнай павестцы, каб задаволіць гэтыя патрабаванні. Беларусь цяпер знаходзіцца ў сітуацыі, калі магчымыя абодва альтэрнатыўныя сцэнарыі.

    Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, мы становімся сведкамі высокай, як ніколі раней, падтрымкі грамадзянскай супольнасцю кандыдатаў у прэзідэнты, альтэрнатыўных А. Лукашэнку. Існуе выразны падзел паміж тымі, хто хоча захаваць статус-кво, і тымі, хто імкнецца да рэальных зменаў. Такім чынам, 9 жніўня, беларускі народ можа зрабіць сапраўды стратэгічны выбар: працягваць, як і раней, або выбраць шлях мудрых зменаў. Абодва рашэнні беларускага народа будуць у роўнай ступені законнымі і вартымі павагі, пры ўмове, што яны будуць прынятыя падчас свабодных і справядлівых выбараў.

    Аднак магчымасць для беларускага народа зрабіць выбар падчас свабодных і справядлівых выбараў у значнай ступені залежыць ад асабістага рашэння А. Лукашэнкі. Ці хопіць яму мудрасці пачуць патрабаванні сваіх суайчыннікаў, або ён вырашыць здушыць надзею на будзь-якія змены недэмакратычнымі сродкамі адміністрацыйнага рэсурсу ці нават сілай.

    У выпадку, калі А. Лукашэнка абярэ першы варыянт, і пастараецца паказаць, што ён чуе патрабаванні пераменаў з боку народа, яму было б дастаткова прытрымлівацца некалькіх асноўных прынцыпаў:

    1. спыніць ціск і пераслед палітыкаў, грамадзянскіх і апазіцыйных актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, і вызваліць тых, хто знаходзіцца пад вартай, у тым ліку Паўла Севярынца і іншых;

    2. дазволіць рэгістрацыю кандыдатаў, якія сабралі неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку, без якіх-небудзь наўмысных адміністрацыйных перашкод;

    3. забяспечыць роўныя ўмовы правядзення перадвыбарчай кампаніі, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, для ўсіх кандыдатаў;

    4. гарантаваць свабодны, справядлівы і празрысты выбарчы працэс;

    5. публічна ўзяць на сябе абавязацельства прызнаць вынікі выбараў незалежна ад выніку;

    6. нарэшце, паабяцаць, што ў выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, ён забяспечыць правядзенне свабодных і дэмакратычных парламенцкіх выбараў.

    Такая пазіцыя А. Лукашэнкі дазволіла б спадзявацца, што змяненне палітыкі ў Беларусі магчымае без змены асобаў ва ўладзе.

    Гэта таксама паспрыяла б стварэнню ўмоваў для адкрыцця Еўразвязам магчымасцей для Беларусі карыстацца дадатковымі перавагамі праграм супрацоўніцтва і падтрымкі Усходняга партнёрства, якія вельмі неабходныя Беларусі ў гэтыя беспрэцэдэнтныя часы, калі краіна пакутуе ад пандэміі і яе эканамічных наступстваў.

    З іншага боку, калі А. Лукашэнка ў чарговы раз праігнаруе голас сваіх суграмадзян, як гэта было да сёння, і зноў абярэ другі варыянт, г.зн. адмовіць у праве на свабодны выбар шляхам адміністрацыйных маніпуляцый ці нават сілай, — мы зробім усё магчымае, каб рэакцыя дэмакратычнай  супольнасці была найбольш моцнай датычна А. Лукашэнкі асабіста, яго палітычнага атачэння і рэпрэсіўных сілавых структур.

    Рэпрэсіі, запалохванне і затрыманні (у тым ліку членаў дэмакратычнай апазіцыі) — гэта не спосаб правядзення выбараў, або аб’яднання краіны, а цынічныя меры дзеля ўтрымання ўлады любой цаной. А. Лукашэнка павінен зразумець, што Еўразвяз не будзе трываць такія рэчы, і што яны павінны і будуць мець наступствы, у тым ліку ў выглядзе магчымых кропкавых санкцый у дачыненні да груп, фізічных і юрыдычных асоб. Гэта таксама паўплывае на рашэнні Еўразвяза па фінансавай дапамозе Беларусі, у тым ліку па праграмах аднаўлення.

    Cпадзяемся, што гэтым разам такія меры не спатрэбяцца. Кожная ўлада павінна прыслухоўвацца да голасу грамадства, якое патрабуе зменаў. Тыя, хто не хоча чуць, застануцца на ўскрайках гісторыі. Тыя, хто слухае і задавальняе грамадскі запыт, дакажуць, што маюць мудрасць дзяржаўнага дзеяча. У адваротным выпадку, ім давядзецца заплаціць за наступствы сваіх дзеянняў.

    Беларусь — гэта моцная і важная еўрапейская дзяржава. Моцныя дзяржавы не баяцца пераменаў. Перамены палохаюць толькі слабых.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці