Журналістаў «Белсату» вызвалілі, але забралі тэлефоны і камеру. Калегі едуць у Мінск
Іх спыніла машына ДАІ на выездзе з гораду.
Як паведаміла журналістка-фрылансерка, якая супрацоўнічае з «Белсатам», Алена Дубовік, яе разам з аператарам Алесям Баразенкам затрымалі ў Бабруйску, калі яны вярталіся ў Менск.
«Нам сказалі ехаць за машынай ДАІ ў РАУС, бо ў дачыненні да нас вядзецца адміністрацыйная справа. З імі было яшчэ 2 супрацоўніка АМАП. Яны мяне асобна забралі», – паведаміла Алена.
Што з імі пакуль што невядома: тэлефон Алены выключаны, а Алесь Баразенка не абірае слухаўку. Сёння яны вялі стрым са збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.
18:51. У аддзяленні міліцыі Першамайскага раёну Бабруйску гавораць, што Алена Дубовік знаходзіцца ў Кіраўнітцве ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. У КУС кажуць, што журналістка ў аддзяленні міліцыі.
Аляксандр Баразенка запусціў стрым у сваім профілі Facebook. Там бачна, што ён не знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі, супрацоўнікі ДАІ правяралі ягоныя дакументы ды ізымалі флэш-картку з камеры. Магчыма ў аператара таксама забяруць камеру. У сваім стрыме Баразенка сказаў, што Алену апытваюць для складання пратаколу.
Начальнік міліцыі Першамайскага раёну Бабруйску Васіль Арцёмаў адмовіўся даваць інфармацыю аб месцазнаходжанні затрыманых калегаў.
«Ён сказаў, што яму гавораць аб усіх затрыманнях. Аднак мне гэтую інфармацыю ён даваць не будзе», – распавядае афіцыйная прадстаўніца тэлеканалу ў Беларусі Ірына Слаўнікава.
Бабруйская журналістка Марына Малчанава знайшла Алену і Алеся ў мясцовым Кіраўніцтве ўнутраных спраў. Праўда, яе адразу ж выгналі адтуль.
Марына Малчанава кажа, што іх затрымалі паводле арт. 22.9 КаАП («Парушэнне закону аб СМІ»).
20:10. Журналістаў вызвалілі з міліцыі, але забралі мабільныя тэлефоны і тэлекамеру. Супраць калег складзены адміністрацыйны пратакол за нібыта незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КаАП).
Мабільныя тэлефоны і камера засталіся ў міліцыі, калегі едуць у Менск.