• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Зміцер Лупач выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту

    З глыбоцкага ізалятара часова ўтрымання ўвечары 22 траўня  выйшаў на волю  журналіст-фрылансер Зміцер Лупач. Ён адсядзеў там 10 сутак за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася ў Глыбокім напрыканцы сакавіка.

    За тое, што Лупач выказаўся на камеру блогера Сяргея Ціханоўскага, суддзя Глыбоцкага раённага суда Андрэй Тарасевіч пакараў яго арыштам.

    Сустрэць Змітра Лупача да будынка Глыбоцкага РАУС прыйшлі яго калегі, родныя і сябры. Яны падаравалі кветкі і пажадалі, каб такое не паўтарылася.

    Паводле Змітра Лупача, яму сядзелася нармальна, але гэта ізалятар, а не гатэль:

    — Стаўленне было добрае, нічога там такога страшнага няма. Было дрэнна, што не было інтэрнэту, не ведаў часу. Калі глядзець на гэта з аптымістычнага боку, то я пэўны час не меў інфармацыі пра каранавірус і нават забыўся, што ён ёсць. Толькі калі міліцыянты вобшук два разы на дзень рабілі, былі ў масках. А пасля, можа, тры дні таму ім ужо інструкцыя паступіла быць у акулярах, то бок у іх стаў больш жорсткі рэжым.

    Журналіст распавёў, што кармілі затрыманых нядрэнна, прывозілі ежу са сталовай мясакамбіната, нават два разы давалі дэлікатэс — язык. Міліцыянт смеючыся казаў, каб ён пра гэта нікому не казаў, бо тады ў іх адбою не будзе ад кліентаў. Акрамя той літаратуры, якую ўзяў з сабой Зміцер, ім у камеру прынеслі пачытаць гламурны часопіс.

    У камеры было холадна, таму журналіст спаў у адзенні.

    Перад адбыццём пакарання на Змітра Лупача шаркаўшчынскія міліцыянты склалі чарговы пратакол за супрацу з тэлеканалам “Белсат” (арт. 22.9 КаАП). Падставай стала апытанка пра каранавірус у Шаркаўшчыне. Суд над журналістам мае адбыцца 26 траўня.

    Зміцер Лупач гаворыць, што пакуль ён не збіраецца мяняць прафесію, тым больш, што ў Глыбокім складана знайсці іншую годную працу. Але, канешне, будзе назіраць, як развіваюцца падзеі.

    Змітра Лупача затрымалі 8 траўня. Да суда, які адбыўся над ім 11 траўня, журналіст знаходзіўся ў ІЧУ. Журналіста судзілі за працу без акрэдытацыі (яго пакаралі штрафам у памеры 45 базавых велічыняў  1 215 BYN) і парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах (10 сутак адміністратыўнага арышту).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці