• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістаў пакаралі штрафамі за 30-секунднае апытанне студэнтаў

    Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі 19 траўня пакараў журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічынь — кожнага на 945 рублёў.

    «Мяне надзвычай здзівілі пытанні суддзі Салоўскага: ён увесь час ужываў слова «інкрымінацыя» — ці разумею я, што мне «інкрымінуецца ў віну»? Ці пагаджаюся я з «інкрымінаванымі» мне дзеяннямі?  На лацініцы і ў англійскай мове (in + cri­m­in­is, incrim­i­na­tion) — гэта абвінавачанне канкрэтнай асобе ў здзяйсненні злачынства. То бок у фрылансерах суддзя бачыць не проста правапарушальнікаў, а крымінальных злачынцаў», — заўважыла ў размове з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова.

    Ларыса Шчыракова

    Ні Шчыракова, ні Толчын віны сваёй не прызналі. Патлумачылі, што не разумеюць, у чым іх вінаваціць міліцыя, а следам і суд. У пратаколах, складзеных старшым участковым інспектарам Цэнтральнага РАУС, капітанам міліцыі Пятром Грамадцовым, напісана, што «20 сакавіка ў перыяд часу з 14.00 да 15.00 Шчыракова сумесна з Толчыным, знаходзячыся каля ўвахода ў корпус №4 ГДУ імя Францыска Скарыны, у парушэнне пункта 3,4 артыкула 35 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», фактычна выконвала ў адпаведнасці з пунктам 6, артыкула 1 Закона функцыі журналіста замежнага СМІ…, удзельнічала ў вырабе і распаўсюдзе пры дапамозе СМІ сюжэта, размешчанага ў раздзеле «Аб’ектыў» у эфіры тэлеканала «Белсат» 20.03.2020».

    «Што вам не зразумела?» — пытаўся суддзя Салоўскі.

    «Не зразумела з пратакола, што канкрэтна я рабіла?» — адказвала журналістка Шчыракова.

    Суддзя тры разы зачытваў пратакол.

    «Вы не чытайце пратакол, гэта я ўжо чула, — перапыняла Шчыракова чарговую чытанку суддзі. — Гэта інтэрпрэтацыя закона. Што канкрэтна я рабіла? Мікрафон трымала, забіла кагосьці, абрабавала? Што я канкрэтна з Толчыным рабіла каля ўвахода ў чацвёрты корпус універсітэта, хоць гэта і не было каля ўвахода?»

    Суддзя Салоўскі аб’явіў Шчыраковай заўвагу за непавагу да суду. Заўвагу атрымалі і яшчэ двое грамадзян з ліку прысутных, якія бурна адрэагавалі на зачытанае абвінавачанне.

    Журналісты-фрылансеры хадайнічалі пра адпраўку пратаколаў у міліцыю на дапрацоўку. А калі суд адхіліў хадайніцтва, прасілі спыніць даследаванне і агучыць пастанову: «Навошта марнаваць час? І без таго бачна, што рашэнне ўжо прынята».

    Суд, вядома, не прыняў такое хадайніцтва і перайшоў да агляду матэрыялаў у дачыненні фрылансераў, аб’яднаных у адну справу. Вынікае, што справа пачалася з маніторынгу інтэрнэта, які ажыццяўляе падраздзяленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкама. Яго супрацоўнік Зуеў адрапартаваў начальніку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Анатолю Васільеву, што 20 сакавіка ў выпуску навінаў спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” (Польшча) змешчана відэаапытанне, у якім студэнты Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны выказваюцца наконт мэтазгоднасці ўвядзення ў навучальных установах каранціну і дыстанцыйнага навучання з прычыны эпідэміі каранавіруса.

    Андрэй Толчын

    Рапарт з рэзалюцыяй Васільева быў накіраваны ў Цэнтральны РАУС Гомеля, дзе і складзеныя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Ларысы Шчыраковай і Андрэя Толчына, чые відэаздымкі скарыстаў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат». Фрылансераў аўтаматычна прызналі журналістамі замежнага СМІ і аштрафавалі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, паколькі яны не маюць афіцыйнай акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

    «Усё гэта выглядае помстай за прафесійную дзейнасць, за згадкі пра сітуацыю з каранавірусам. Гэта яшчэ і застрашэнне журналістаў-фрылансераў перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі. Сістэма, створаная цяперашнім беларускім рэжымам — ад ідэолагаў, міліцыянтаў, да суддзяў, заточаная пад пераслед журналістаў, блогераў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў — усіх, хто думае і дзейнічае іначай, чым хоча ўлада», — дадае Ларыса Шчыракова.

    Гомельскі палітык і грамадскі актывіст Васіль Палякоў, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што рэпрэсіўны «канвеер» у цяперашніх беларускіх варунках паскараецца.

    «Улада ставіцца жорстка, у тым ліку і да журналістаў, калі яны ўзнімаюць вострыя і балючыя для яе тэмы, напрыклад, пра пандэмію каранавіруса», — заўважыў спадар Палякоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці