З Магілёўскага ІЧУ знянацку адпусцілі журналіста Міхаіла Аршынскага
Сёння ў другой палове дня з ізалятара часовага ўтрымання Магілёўскага аблвыканкама знянацку адпусцілі Міхаіла Аршынскага. Пра гэта карэспандэнту Службы маніторынгу ГА “БАЖ” паведаміў сам журналіст.
Міхаіл Аршынскі кажа, што не разлічваў сёння на вызваленне, а супрацоўнікі ІЧУ не далі ніякіх канкрэтных тлумачэнняў на гэты конт. Як зразумеў журналіст, яго выпусцілі пасля 10 сутак арышту, вынесеных паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Магілёва, а прызначаныя Ленінскім райсудом 11 сутак давядзецца адбываць пазней.
Нагадаем, што Міхаіла Аршынскага пакаралі арыштам нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах адразу два магілёўскія суды.
11 мая суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава прызнала Аршынскага вінаватым і арыштавала на 10 сутак за тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.
На наступны дзень, 12 мая, ужо суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналіста арыштам на 11 сутак, таксама абвінаваціўшы ў парушэнні артыкула 22.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), за стрым, які журналіст рабіў 6 мая каля будынка Магілёўскага ІЧУ.
Такім чынам, згодна рашэння абодвух судоў, Міхаіл павінен быў правесці ў ІЧУ агулам 21 дзень.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аршынскага яшчэ вечарам 7 мая ў двары ўласнага дома, пасля складання пратакола ў Ленінскім РАУС яго даставілі ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён і знаходзіўся ўвесь час.
Па словах Міхаіла Аршынскага, самаадчуванне ў яго зараз не вельмі добрае. Таксама прыгнятае тое, што ў любы момант зноў могуць забраць і адправіць у ізалятар “даседжваць” суткі. Разам з тым Міхаіл адзначае, што ўладам не ўдасца яго зламаць, ён будзе па-ранейшаму працаваць у якасці журналіста і блогера.
Тым часам, сёння раніцай магілёўскія праваабаронцы і журналісты пабывалі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама і даведаліся, што заўтра павінны выйсці пасля адбыцця тэрміну арышту Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Алесь Асіпцоў. Чакаецца, што Буракова вызваляць у 10.20, Алесь Асіпцоў павінен выйсці ў 12:48.