Журналіста Аляксандра Буракова-малодшага таксама асудзілі на 10 сутак ДАПОЎНЕНА
Стала вядома пра затрыманне ў Магілёве журналіста-фрылансера Аляксандра Буракова (малодшага).
Аляксандр Буракоў ведаў, што яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі, таму некалькі дзён не выходзіў з кватэры. Але ў пятніцу раніцай міліцыянты з’явіліся ў кватэры разам з гаспадыняй жытла і затрымалі журналіста.
Аляксандра павезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна Магілёва. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў падтрымку Ціханоўскага, якія ён асвятляў. Верагодна, сёння ж адбудзецца суд над журналістам. Як і калегам, Аляксандру Буракову (малодшаму) пагражае штраф альбо арышт.
14:45. Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель мяркуе, што Алеся Буракова, як і іншых раней затрыманых, пратрымаюць выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго ў панядзелак адбудзецца суд.
Верагодна, як і іншых магілёўскіх журналістаў, яго будуць судзіць па артыкуле 23.34 КаАП за тое, што ён асвятляў падзеі, якія адбываліся ў Магілёве 5 і 6 траўня. Праваабаронца Барыс Бухель маніторыць сітуацыю ў судзе Ленінскага раёна Магілёва на той выпадак, калі журналіста ўсё ж вырашаць судзіць у пятніцу, 15 траўня, — піша spring96.org.
Дапоўнена. Судзіць Алеся Буракова вырашылі ўсё ж такі ў пятніцу. Суд пачаўся а 17:30 у судзе Ленінскага раёна. Разглядала справу суддзя Ірына Ланчава. Як паведаміў службе маніторынгу ГА «БАЖ» праваабаронца Барыс Бухель, на судовы працэс суддзя не дапусціла ні яго, ні іншых праваабаронцаў, ні нават бацькоў Буракова.
У выніку суддзя Ланчава прызнала Алеся Буракова вінаватым паводле арт. 23.34 КаАП, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня пад магілёўскім ІЧУ, і вынесла пакаранне: на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, на гэтым тыдні журналістаў Алеся Асіпцова, Аляксандра Буракова (старэйшага), Міхаіла Аршынскага, Змітра Лупача суд пакараў адміністрацыйнымі арыштамі.
ГА «БАЖ» патрабуе вызваліць калег і перагледзець адміністрацыйныя справы. ЗАЯВА
Открыт сбор средств для арестованных журналистов. Присоединяйтесь!