Каранавірус у Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла
Гэтую інфармацыю крыніц з выдавецтва Свабодзе пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Юрый Арыхоўскі. Паводле яго, усяго захварэлі «больш за 20 чалавек», але дакладнай лічбы намесьнік гендырэктара выдавецтва не назваў.
6 траўня Юрый Арыхоўскі паведаміў журналістам, што на каранавірус захварэлі 17 супрацоўнікаў выдавецтва. Выходзіць, дынаміка адмоўная?
«Сытуацыя кожны дзень мяняецца. То плюс, то мінус. Сёньня больш ня стала, а як будзе, прадказаць цяжка. Па дакладныя зьвесткі зьвяртайцеся з афіцыйным запытам», — сказаў Юрый Арыхоўскі.
Паводле топ-мэнэджара, выдавецтва працягвае працаваць у звычайным рэжыме, рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя памяшканьняў, супрацоўнікі прадпрыемства карыстаюцца сродкамі індывідуальнай абароны і прытрымліваюцца сацыяльнага дыстанцыяваньня.
Юрый Арыхоўскі пацьвердзіў, што адна з супрацоўніц, у якой раней быў выяўлены каранавірус, памерла ў шпіталі, але прычыну сьмерці не назваў.
«Само прадпрыемства ня мае на руках пасьведчаньня аб сьмерці, таму як мы можам казаць пра прычыну сьмерці?» — сказаў Юрый Арыхоўскі.
Па зьвестках супрацоўніцы выдавецтва, якая прасіла яе не называць, усяго на дадзены момант у Доме друку захварэлі 28 супрацоўнікаў, а адна жанчына, якой быў 51 год, памерла.
Паводле суразмоўцы, на прадпрыемстве кажуць сама меней пра дзьве магчымыя крыніцы масавага захворваньня.
«У аднаго супрацоўніка жонка працуе на хуткай дапамозе. Другі магчымы шлях — у працаўніка сваяк займаецца пастаўкамі грузаў з‑за мяжы. Але праблема ў тым, што ён ведаў пра хваробу сваяка, але працягваў прыходзіць на працу. Чаму не пайшоў на самаізаляцыю, невядома. І цяпер у нас 28 захварэлі ды яшчэ шмат хто на самаізаляцыі», — сказала працаўніца выдавецтва «Беларускі дом друку».
Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў адказнаму супрацоўніку выдавецтва, які ўжо больш як два тыдні шпіталізаваны з каранавірусам.
«Так, яшчэ хварэю, ніяк не адпускае. Пачуваюся ўжо лепш, але тэсты яшчэ не адмоўныя, таму працягваю лячэньне», — сказаў суразмоўца.