У Рэчыцы міліцыя правярае журналіста-фрылансера за абразу рэдактара афіцыйнай раёнкі
Рэчыцкая раённая міліцыя распачала праверку ў дачыненні да журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева паводле артыкула 189 Крымінальнага кодэкса — “Абраза”. 7 траўня да Мядзведзева наведаўся ўчастковы інспектар, лейтэнант міліцыі Дзмітрый Рамашкевіч, каб правесці апытанне наконт публічнай знявагі ў сацыяльнай сетцы Ігара Сяргеева, галоўнага рэдактара мясцовай раённай газеты.
«Мяне здзіўляе, чаму гэту праверку распачала міліцыя з уласнай ініцыятывы, без заявы грамадзяніна Ігара Сяргеева, якога я нібыта абразіў? Згодна з артыкулам 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, гэта справа прыватнага абвінавачання і мусіць ініцыявацца асобай, пацярпелай ад такога злачынства. Заявы ж Сяргеева ў матэрыялах праверкі, якую праводзіў участковы, не было. Быў толькі рапарт маёра Бутрам’ева на імя начальніка Рэчыцкага РАУС», — паведаміў Службе маніторынгу ГА «БАЖ» Андрэй Мядзведзеў.
Паводле Мядзведзева, пакуль з гэтых матэрыялаў вынікае, што на яго допіс у сацсетцы, які і стаў нагодай для праверкі паводле крымінальнага артыкула, увагу звярнуў старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Рэчыцкага РАУС, маёр міліцыі Андрэй Бутрам’еў. У рапарце начальніку РАУС ён паведаміў, што падчас маніторынгу сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» выявіў допіс зняважлівага, на ягоную думку, характару ў дачыненні да грамадзяніна Сяргеева Ігара Георгіевіча. Гэты допіс, сцвярджаў Бутрам’еў, патрапляе пад ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэкса.
Усё пачалося з невялікай нататкі “Як валанцёры ў Рэчыцы дапамагаюць у змаганні супраць каранавірусу”, змешчанай 10 красавіка на сайце «Гомельская вясна». У ёй распавядалася, як рэчыцкая актывістка кампаніі «Гавары праўду» Алена Лінкевіч праз дамову з мясцовым прадпрыемствам «Рэчыцабыт» узялася шыць ахоўныя маскі ад каранавіруса для медработнікаў.
20 красавіка на гэта звярнула ўвагу дзяржаўная раённая газета «Дняпровец». Нехта Лаўрэнцій Сігуранцаў у публікацыі «Речичанам на заметку. Маски как повод хайпануть» разважаў: шыць маскі — гэта добра і высакародна, але не для актывістаў нейкіх палітычных рухаў. І азадачыўся: «…якое дачыненне рух «Гавары праўду» мае да вырабу масак у горадзе Рэчыцы? «Рэчыцабыт» — мае, мы з вамі, калі шыем сабе маскі, таксама маем. Аказваецца, пашыць маску са спанбонду — гэта палітычная акцыя, вартая лагатыпа грамадскага руху і размяшчэння на старонцы яго афіцыйнай асобы Таццяны Караткевіч. Прынамсі, так думае Алена Лінкевіч – рэчыцкая актывістка». (Да Алены Лінкевіч, між тым, па каментар з рэдакцыі «Дняпроўца» ніхто не звяртаўся.)
Публікацыю «Дняпроўца» перапосціў адзін з рэкламных сайтаў Рэчыцы і размясціў спасылку ў мясцовай суполцы «ВКонтакте». Менавіта пад пастом з гэтай спасылкай пакінуў 21 красавіка свой каментар Андрэй Мядзведзеў, ён прыйшоў да высновы, што за псеўданімам Сігуранцаў стаіць галоўны рэдактар выдання Ігар Сяргееў.
«Яго стыль я добра засвоіў, бо сам шэсць гадоў працаваў у газеце «Дняпровец». Да таго ж у прозвішчы падпісанта лёгка чытаюцца ініцыялы рэдактара», — кажа Мядзведзеў.
Васьмірадковы каментар выглядае рэзкім, непрыстойнай лексікі ў ім няма. Прысутнічае ацэначнае меркаванне. «Каго-небудзь, акрамя Сяргеева, у артыкуле на «Гомельскай вясне» закранула ўвогуле ўзгадванне грамадскага аб’яднання, чальцом якога з’ўляецца гераіня матэрыяла?» — напісаў Мядзведзеў напрыканцы каментара.