Магілёўскія журналісты атрымалі чарговыя штрафы
Суд Горацкага раёна пакараў журналістаў-фрылансераў з Магілёва Дар’ю Чульцову і Міхаіла Аршынскага штрафамі за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Нагодай для адміністрацыйнага пераследу стаў рэпартаж, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат” на пачатку сакавіка, у ім распавядалася пра дрэнны стан дарогі ў вёсцы Стан Горацкага раёна.
Разгляд справы адбыўся ў судзе Горацкага раёна яшчэ 21 красавіка, але самі журналісты на ім не прысутнічалі. Пра вынесенае судом рашэнне яны даведаліся толькі сёння: Міхаіл Аршынскі атрымаў па пошце ліст з пастановай суда.
У лісце павемляецца, што згодна рашэнню суда Горацкага раёна, за незаконны выраб прадукцыі сродку масавай інфармацыі Міхаіл Аршынскі пакараны штрафам у 22 базавыя велічыні (594 рублі), Дар’я Чульцова — штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Журналістаў абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Нагадаем, што позвы з патрабаваннем з’явіцца 9 красавіка а 10‑й гадзіне раніцы ў Горацкі РАУС Міхаілу Аршынскаму і Дар’і Чульцовай супрацоўнікі міліцыі ўручылі перад пачаткам разгляду іншай справы Міхаіла Аршынскага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва 27 сакавіка.
Параіўшыся, журналісты вырашылі ў Горкі не ехаць, бо гэта небяспечна, таму што ў Магілёўскай вобласці распаўсюджваецца каранавірусная інфекцыя. І Дар’я Чульцова, і Міхаіл Аршынскі накіравалі адпаведныя лісты з тлумачэннем сваёй пазіцыі ў Горацкі РАУС.
Журналісты напісалі, што яны не супраць пагутарыць з горацкімі міліцыянтамі, калі тыя створаць бяспечныя для іх здароўя ўмовы. Чульцова і Аршынскі патлумачылі, што гатовыя сустрэцца з супрацоўнікамі міліцыі ў Магілёве.
Нягледзячы на гэтыя тлумачэнні, Горацкі РАУС усё ж накіраваў адміністрацыйную справу магілёўскіх журналістаў у суд — нават не правёўшы апытання. Горацкі раённы суд, у сваю чаргу, прызнанаў Аршынскага і Чульцову вінаватымі ў правапарушэнні ў іх адсутнасць.
Па словах Міхаіла Аршынскага, ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда Горацкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.
Неабходна адзначыць, што сёння ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Міхася Аршынскага на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва. 27 сакавіка Кастрычніцкі райсуд пакараў журналіста штрафам за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Грыгорый Качалаў не прыняў да ўвагі аргументы журналіста і пакінуў яго скаргу без задавальнення. Такім чынам Міхаіл Аршынскі паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Магілёва мусіць сплаціць штраф у 540 рублёў.