«Белсат» запусціў рускамоўны інфармацыйны рэсурс
На базе тэлеканала "Белсат" створаны новы інфармацыйны праект vot-tak.tv. Ён скіраваны на рускамоўную аўдыторыю.
«Мы хочам увайсці ў рускамоўную інфармацыйную прастору не толькі, каб распавядаць навіны. Хто гэтага цяпер не робіць? Мы хочам, каб расіяне, беларусы і ўкраінцы, а таксама іншыя нашы рускамоўныя чытачы атрымлівалі максімальна дакладную і аб’ектыўную інфармацыю не толькі пра тое, што адбываецца ў іх у краіне, але і ў суседзяў, і ў цэлым у свеце. Мы хочам, каб наш чытач мог адрозніць бітву «крамлёўскіх вежаў» ад настрояў звычайных расіян, разабрацца ў супрацьстаянні ўкраінскіх алігархаў і палітыкаў, зразумець, як у Беларусі ўжываюцца застылая ў мінулым ўлада і людзі, якія ад яе стаміліся», — гаворыцца ў адмысловым звароце на сайце праекта.
— Працуючы над стварэннем «Белсата», з цягам часу мы сталі больш ясна бачыць, што ў Беларусі праблемай зʼяўляецца не толькі (і можа нават не ў першую чаргу) прапаганда Лукашэнкі, але і прапаганда Крамля, якая пранікае абсалютна ўсюды на постсавецкай інфармацыйнай прасторы і становіцца адным з найбольш небяспечных і падступных інструментаў палітычнага дамінавання і прыгнёту, — адзначае дырэктар «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы. — Мы прыйшлі да высновы, што наш унікальны інструмент, якім зʼяўляецца «Белсат» і наш унікальны досвед павінен выкарыстоўвацца таксама і ў гэтай галіне. Мы таксама адзначылі, што наша тэлебачанне, нягледзячы на моўныя адрозненні, праглядаецца і ва Украіне, і ў Расіі. Такім чынам, лагічным працягам гэтых дзеянняў сталася спачатку рускамоўная тэлепраграма «Вот так», прысвечаная падзеям на тэрыторыі краін б. СССР, а зараз запуск аднайменнага партала.
Як і ўвесь «Белсат», праект «Вот так» даступны праз спадарожнік Astra 4A, які ахоплівае еўрапейскую частку былога СССР, а таксама ў Інтэрнэце — на сайце тэлеканала і на YouTube.