У Івацэвічах незалежнаму інтэрнэт-выданню адмовілі ў атрыманні звестак пра хворых на каранавірус
Нягледзячы на заявы і запэўніванні прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства інфармацыі, што паведамленні пра COVID-19 будуць адкрытымі, даступнымі і нічога хаваць ад грамадзян не збіраюцца, у рэгіёнах Беларусі пакуль адбываецца па-іншаму.
Ілюстрацыйнае фота
Як паведамілі ў рэдакцыі інтэрнэт-выдання “Першы Рэгіён”, чытачы неаднойчы ўздымалі пытанне пра статыстыку захворванняў на каранавірус у Івацэвіцкім раёне.
“Навошта гэта людзям? Верагодна, валодаючы актуальнай інфармацыяй пра тэмпы росту захворванняў, грамадзяне будуць больш сур’ёзна ставіцца да мер прафілактыкі, да самаізаляцыі, — лічаць у рэдакцыі. — Бацькам дзяцей таксама важна гэта ведаць, каб прымаць рашэнне, адпраўляць дзяцей у школу ці не”.
Да нядаўняга часу “Першы Рэгіён” без праблем мог атрымліваць звесткі пра каранавірус у Івацэвічах. Аднак з 23 красавіка пачаўся так званы “футбол”: адзін чыноўнік адпраўляе да іншага, а той вяртае назад.
Паводле слоў рэдактара інтэрнэт-выдання Паўла Дайліда, галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Юзэфовіч тлумачыць, што
даваць інфармацыю яму забаранілі ў райвыканкаме. У той жа час намеснік старшыні райвыканкама Алег Раўчэня кажа, што такой забароны не было, а кіраўнік установы аховы здароўя сам павінен даваць каментары па пытаннях, якія тычацца медыцыны.
“Мы ў чарговы раз звярнуліся да галоўнага ўрача, і той зноў спаслаўся, што мае распараджэнне не даваць нам інфармацыю па статыстыцы захворванняў, — распявядае рэдактар “Першага Рэгіёна”. — І тут ужо іншае пытанне ўзнікае: не колькі тых, хто захварэў, а чаму хаваюць інфармацыю? Бо робяць гэта наўмысна, а жыхары раёна застаюцца недасведчанымі”.
Калі рэдакцыі незалежнага сайта адмовілі ў атрыманні адпаведнай інфармацыі, то 24 красавіка некаторыя дадзеныя раптам з’явіліся на інтэрнэт-старонцы мясцовай дзяржаўнай газеты. У публікацыі няма агульнай лічбы тых, хто захварэў каранавірусам у раёне, паведамляецца толькі, што “ў Івацэвіцкай райбальніцы знаходзяцца 8 чалавек са станоўчымі вынікамі на СОVID-19”, адзін з якіх — у рэанімацыі на апараце ШВЛ (штучнай вентыляцыі лёгкіх).
Таксама, дзяржаўная газета паведаміла, што з 196 грамадзян, якія знаходзяцца ў раёне на самаізаляцыі (на раніцу 24 красавіка), у дачыненні да двух складзены пратаколы за парушэнне рэжыму: ім пагражае штраф ад 2 да 50 базавых велічынь. А вось колькі чалавек захварэлі на каранавірус і знаходзяцца на самаізаляцыі дома (таму што маюць лёгкія сімптомы ці ўвогуле хвароба ідзе бессімптомна) у публікацыі ніяк не згадваецца.
На думку рэдактара “Першага Рэгіёна”, менавіта ўтойванне інфармацыі можа спарадзіць рост захворванняў, а потым і паніку.
“Паніка не патрэбная нікому, але і такія маніпуляцыі кіраўніка медычнай установы выглядаюць, мякка кажучы, непрыстойна”, — лічыць Павел Дайлід.
Ва ўмовах процідзеяння ў справе атрымання інфармацыі з афіцыйных крыніц «Першы Рэгіён» абвесціў, што будзе шукаць іншыя законныя спосабы атрымання інфармацыі, і спадзяецца ў гэтым на сваіх чытачоў.