Amnesty International заклапочаная рэпрэсіямі пад прыкрыцьцём змаганьня з каранавірусам
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказала занепакоенасьць абмежавальнымі мерамі ў краінах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, якія выкарыстоўвацца для рэпрэсій.
«Урады краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі рэагуюць на пандэмію COVID-19 рэпрэсіўнымі і гвалтоўнымі захадамі, якія ніяк не адпавядаюць іх абавязаньням у галіне правоў чалавека», — гаворыцца ў дакладзе, дзе згадваюцца Казахстан, Расея, Узбэкістан, Азэрбайджан, Беларусь, Украіна, Грузія, Таджыкістан, Туркмэністан, Кіргізстан ды іншыя.
Дасьледчык Amnesty International Хэза Макгіл заяўляе: па меры таго, як у рэгіёне разгортваецца пандэмія COVID-19, ствараецца ўражаньне, што многія ўрады больш зацікаўленыя ў задушэньні іншадумства, чым у абароне грамадзкага здароўя.
Так, адзначаецца, што ў Расеі рэформа аховы здароўя, названая «аптымізацыяй», у сукупнасьці зь нізкім узроўнем бюджэтных выдаткаў на гэтую галіну прывяла да скарачэньня лякарняў, мэдпэрсаналу і сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Многіх пацыентаў выпісалі да заканчэньня курсу лячэньня.
Акрамя таго, Amnesty International указвае на неадэкватнае пакараньне за распаўсюд інфармацыі пра каранавірус.
«Напрыклад, урады Расеі і Азэрбайджану прыцягваюць да адказнасьці карыстальнікаў сацыяльных сетак, журналістаў і мэдработнікаў, якія адкрыта гавораць пра заганы ў недастатковым рэагаваньні на COVID-19», — гаворыць Хэза Макгіл.
У дакладзе праваабаронцы таксама заклікаюць прапарцыйна выкарыстоўваць тэхналёгіі лічбавага сачэньня за насельніцтвам падчас ўвядзення абмежавальных захадаў, не дапускаючы парушэньні правоў кожнага чалавека.